Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗАРЭГІСТРАВАНЫЯ КАНДЫДАТЫ ЗАВАЛІЛІ ГАРАДЗКІ СУД СКАРГАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Паводле Выбарчага кодэксу, патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты маюць права падаваць скаргі ў суд цягам трох дзён з моманту прыняцьця адмоўнага рашэньня аб рэгістрацыі. Таму судзьдзі разглядаюць каля дзясятка скаргаў штодня.

Лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі таксама спрабаваў праз суд адмяніць рашэньне выбарчай камісіі. Ягоная справа тыповая. Спадар Высоцкі не пагадзіўся з высновамі камісіі пра тое, што больш за 15% сабраных подпісаў несапраўдныя. Ён заявіў хадайніцтва, каб суд дапытаў тых асобаў, якія напісалі заявы, што насамрэч не падпісвалі лісты ў падтрымку кандыдата. Суд не задаволіў гэтае хадайніцтва.

Прадстаўніца пракуратуры падкрэсьліла, што амаль усе, хто скардзіцца на рашэньне выбарчых камісіяў, спасылаюцца на дробязі — маўляў, якая розьніца, сам чалавек напісаў дату ці яму дапамаглі, альбо на тое, што толькі адна лічба не супадае з нумарам пашпарту. Судзьдзя Натальля Лугіна не задаволіла скаргу Сяргея Высоцкага. Ён пракамэнтаваў судовае рашэньне Радыё Свабода:

(Высоцкі: ) “Падобны фармалізм з боку ўладаў — гэта й ёсьць адсутнасьць законнасьці. Калі літара закону супрацьстаўляецца духу закону… Такім чынам зьнішчаецца законнасьць у краіне і зьнішчаецца сама краіна. Падобныя дзеяньні ўладаў — загон саміх сябе ў тупік”.

Уладзімер Лабковіч, які прадстаўляў інтарэсы Высоцкага, дадаў:

(Лабковіч: ) “Па ўсёй Беларусі зараз сьвядома судамі здымаюцца з гонкі дэмакратычна скіраваныя, нацыянальна сьвядомыя кандыдаты. Мы бачым, колькі прадстаўнікоў Партыі БНФ зьнялі, колькі прадстаўнікоў іншых дэмакратычных сілаў. Гэта пацьвярджае тое, што ўлада баіцца любога нацыянальнага абуджэньня ў беларускім грамадзтве. Яна абараняе сябе такімі сродкамі, як сёньняшні суд”.

Гарадзкі суд у асноўным не задавальняе скаргі. На гэты момант толькі два чалавекі дабіліся станоўчых вынікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG