Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГІ ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ НЕ СПЫНЯЮЦЦА МОЦНЫЯ СЬНЕГАПАДЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня з раніцы многія менскія кіроўцы ня здолелі выехаць са сваіх двароў – машыны замяло сьнегам. А тыя, што селі за руль, ледзь даехалі да працы. Ачышчаныя ад сьнегу былі фактычна толькі цэнтральныя вуліцы гораду. Гаворыць кіроўца спадар Уладзімер:

(Уладзімер: ) “Трохі чысьцяць дарогі, але ня так, каб было добра езьдзіць. Спачатку едзеш па сумётах, а потым неяк спраўляюцца. Я жыву на ўскрайку гораду, і пакуль адтуль выедзеш… У цэнтры яшчэ неяк добра, але на ўскраінах машыны буксуюць”.

Нялёгка прыйшлося сёньня й пешаходам. Лесьвіца ля Палацу Рэспублікі нагадвала адзін вялікі сумёт, і мужчына сталага веку ледзь не каціўся ўніз, трымаючыся за парэнчы.

(Спадар: ) “Нельга спусьціцца, зараз ішоў, ледзь не паваліўся. Сьлізка, цяжка вельмі. Не паўсюль чысьцяць своечасова, можа, тэхнікі мала. Калечацца людзі зараз…”

Ля адміністрацыі Лукашэнкі дарога больш-менш прыбраная ад сьнегу. Рабочы зь вялікай шуфляй працуе няспынна з самага ранку.

(Рабочы: ) “Галоўнае, каб тэхніка была, а людзей у нас хапае, 40 чалавек у нас у брыгадзе. Працуем з 9 раніцы да 9 вечара, другая зьмена з 9 вечара да 9 раніцы. Наш участак — рэзыдэнцыя ды на праспэкце яшчэ”.

Учора з прычыны сьнегападу гарадзкая дзяржаўтаінспэкцыя абвесьціла гэтак званае надзвычайнае становішча — “плян “Надвор’е” і парэкамэндавала кіроўцам сёньня ўстрымацца ад паездак. Былі мабілізаваныя ўсе супрацоўнікі гарадзкой ДАІ. Інспэктар Зьміцер прызнаецца, што сёньня ў яго вельмі складаны дзень.

(Зьміцер: ) “Сёньня было тры дарожных здарэньні. Адно сур’ёзнае з наездам на мінака. Тэхніка прыбірае дарогу добра, але яе не хапае. Сьнег ідзе моцны, яны пройдуць, а праз паўгадзіны ўсё замятае нанава”.

Каля 4 тысяч кубамэтраў сьнегу вывезьлі з цэнтральных вуліцаў Менску мінулай ноччу дарожнікі. Усяго патрэбна пачысьціць 875 кілямэтраў — гэта агульная даўжыня менскіх вуліц. Генэральны дырэктар прадпрыемства “Гаррэмаўтадор” Іван Гурыновіч гаворыць, што ягоныя падначаленыя ўжо па тры-чатыры разы чысьцілі менскія вуліцы ад сьнегу.

(Гурыновіч: ) “462 адзінкі тэхнікі працуе удзень, а ўначы 272. Сёньня праца не па праезных частках, а ў асноўным пераключыліся на ручную ўборку прыпынкаў грамадзкага транспарту і пешаходных дарожак. З гэтай працай складана ўправіцца, і мы нават папрасілі дапамогу з войска. Напэўна, на заўтра нам дадуць пэўную колькасьць байцоў, якіх мы таксама задзейнічаем на прыборцы прыпынкаў”.

Больш складаная сытуацыя ў рэгіёнах. Мінулай ноччу на Берасьцейшчыне ў Ляхавіцкім і Пружанскім раёнах пад цяжарам сьнегу праваліліся дахі кароўнікаў. У Клецкім раёне Меншчыны гэтаксама быў разбураны кароўнік і воданапорная вежа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG