Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕБЕЛАРУСКІ СХОД ІНТЭЛІГЕНЦЫІ ПЕРАНЕСЕНЫ НА САКАВІК


Вольга Бабак, Менск

5 лютага адміністрацыя Палацу Рэспублікі паведаміла арганізатарам, што 16 лютага вялікая заля ўжо арандаваная — тэатральным калектывам “Виртуозы сцены” для паказу спэктаклю “Трактирщица”. Такім чынам, правесьці ў гэтым памяшканьні Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі ня ўдасца. Але арганізатары інтэлігенцкага форуму сумняюцца, што гэта адзіная рэальная прычына адмовы. Гаворыць сустаршыня аргкамітэту Ўладзімер Колас:

(Колас: ) “Крышку дзіўна нам гэта падалося: калі першапачаткова зьвяртаўся спадар Марачкін як сустаршыня аргкамітэту (адразу пасьля сходу менскай інтэлігенцыі), у Палацы Рэспублікі сказалі, што гэта вырашаецца кіраўніком справаў прэзыдэнта. А гэтае прычыны не было выстаўлена, што заля ўжо замоўленая...”

Аляксей Марачкін, са свайго боку, лічыць, што адмова ў памяшканьні была цалкам прадказальнай.

(Марачкін: ) “Я асабіста па тэлефоне размаўляў з Карэндам — гэты чалавек сёньня галоўны ідэоляг пры прэзыдэнце — які сказаў мне адкрыта: “Я не падтрымліваю Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі; вы вядзеце да расколу грамадзтва”. На што я яму сказаў: “Грамадзтва расколата настолькі, што пара ўжо зьбірацца”.

Падобнымі прычынамі аргумэнтавалі адмовы арганізатарам сходу і іншыя цэнтральныя залі сталіцы: канцэртная заля “Менск”, Дом афіцэраў, Палац чыгуначнікаў. Самы вольны графік аказаўся ў Дома культуры тонкасуконнага камбінату, зь якім аргкамітэт папярэдне дамовіўся на сакавік.

Паводле арганізатараў, атрыманая часавая рэзэрва дазволіць ім больш грунтоўна падрыхтавацца да сходу: накіраваць афіцыйныя запрашэньні ў дзяржаўныя структуры (міністэрствы, суды, ВНУ), забясьпечыць больш шырокае прадстаўніцтва ад рэгіёнаў. Тым больш, што вылучэньне дэлегатаў ад вобласьцяў толькі цяпер актывізавалася. Гутару з сакратаром рабочай групы аргкамітэту сходу Аленай Анісім:

(Анісім: ) “На сёньняшні дзень ад Менску вылучана 230 прадстаўнікоў; вельмі актыўна ідзе вылучэньне па абласьцях. Людзям хочацца прыехаць, далучыцца да грамадзкага жыцьця і выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю”.

Кожная вобласьць мае права даслаць на Сход да 100 дэлегатаў. У шэрагу рэгіёнаў вылучэньні ўжо адбыліся: дзясяткі асобаў вылучаныя ад Шаркаўшчыны, Глыбокага, Вялейкі, Мазыру, Калінкавічаў; дакладна вядома, што двух настаўнікаў дэлегуе на сход горад Шклоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG