Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЎСЯ НОВЫ СУДОВЫ ПРАЦЭС НАД ВІЦЕБСКІМ АПАЗЫЦЫЯНЭРАМ УЛАДЗІМЕРАМ ПЛЕШЧАНКАМ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Віцебску Сьвятлана Туфан зьвярнула асаблівую ўвагу на плякат, які 20 студзеня меў пры сабе Ўладзімер Плешчанка. Гэта была абвестка са словамі “Збор сродкаў на абарону незалежнасьці Беларусі”, зь якой сябар КХП БНФ выйшаў да “Сіняга дому”. Разам з Плешчанкам у той дзень былі апазыцыянэры Аляксандар Салаўян ды Барыс Хамайда, якія трымалі скарбонку з ахвяраваньнямі ды бел-чырвон-белы сьцяжок.

Паводле словаў спадара Пляшчанкі, усё гэта ня ёсьць доказамі факту пікетаваньня. Таму сёньня вінаватым у арганізацыі пікету ён сябе не прызнаў.

Аднак сам факт зьбіраньня сродкаў на барацьбу супраць расейскай агрэсіі спадар Плешчанка пацьвердзіў, зазначыўшы, што наўмысна выйшаў да “Сіняга дому” ў дзень візыту ў Беларусь Уладзімера Пуціна. Бо ён катэгарычна нязгодны з прапановаю далучэньня Беларусі да Расеі ў якасьці шасьці губэрняў, ды лічыць сваім канстытуцыйным абавязкам бараніць незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Судзьдзя Сьвятлана Туфан выслухала аргумэнты спадара Плешчанкі ды паабяцала заўтра абвесьціць свой вырак. Заўтра ж адбудзецца суд над яшчэ адным затрыманым у той самы дзень апазыцыянэрам — Барысам Хамайдам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG