Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫШЛА Ў НЯБЫТ ДРУГАЯ ЮГАСЛАВІЯ


Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык, Прага

Сышла ў нябыт другая Югаславія, абвешчаная ў 1992 годзе, якая складалася ўжо толькі з Сэрбіі і Чарнагорыі. Першая, вялікая Югаславія, ўтвораная 84 гады таму, распалася напачатку 1990-х гадоў, калі зь яе складу выйшлі Харватыя, Босьнія, Славенія і Македонія.

Праз два тыдні прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца абвесьціць выбары ў новы парлямэнт Сэрбіі і Чарнагорыі, і гэта стане ягоным апошнім дзеяньнем на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Ягоны папярэднік Слабадан Мілошавіч, які ў 1992 годзе абвесьціў пра ўтварэньне другой Югаславіі, знаходзіцца ў гааскай турме па абвінавачаньні ў злачынствах супраць чалавечнасьці, злачынствах, якімі суправаджаліся спробы сілай аднавіць адзінства былой Югаславіі.

Напрыканцы 1990-х гадоў урад Мілошавіча ініцыяваў далучэньне Югаславіі да беларуска-расейскага союзу. З гэтых гульняў нічога не адбылося, зараз распалася самая Югаславія.


* * *
Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў было ўтворанае ў 1918 годзе. У 1929 годзе кароль Аляксандар Першы Карагеоргіевіч скасаваў Канстытуцыю сэрбаў, харватаў і славенцаў і ўсталяваў дыктатарскі рэжым. Была ўтвораная краіна, якая стала вядомая як Югаславія. Кароль правіў да 1934 году, калі быў забіты ў Францыі тэрарыстам-харватам. На чале Югаславіі стаў ягоны малодшы сын, кароль Пётар Другі.

У 1920-30-ыя гады Югаславія мела складаныя адносіны з Савецкім Саюзам. Дарэчы, менавіта ў Югаславіі знайшлі прытулак дзясяткі тысячаў эмігрантаў з былой Расейскай імпэрыі, вымушаныя ўцякаць ад бальшавіцкага рэжыму, а Бялград на доўгі час зрабіўся палітычным і інтэлектуальным цэнтрам эміграцыі нароўні з Парыжам, Бярлінам і Прагай. У Бялградзе нейкі час знаходзіўся і прадстаўнік ураду БНР палкоўнік Беніяшэвіч, які рыхтаваў афіцэраў – беларусаў з былой Белай Арміі для ўдзелу ў беларускіх збройных фармаваньнях.

У красавіку 1941 году Югаславія была захопленая гітлераўскай Нямеччынай, Бялград падпісвае Акт аб капітуляцыі. У лістападзе 1942 году ў горадзе Біхач адбылася першая сэсія Антыфашысцкага веча народнага вызваленьня Югаславіі і было ўтворанае Народна--вызвольнае войска. Супраціў фашыстам быў шырокі і меў пераважна партызанскі характар. Лідэрам найбольш уплывовага камуністычнага супраціву быў Іосіп Броз Ціта.

Змагаючыся супраць нацыстаў, Ціта падкрэсьліваў свае камуністычныя погляды, аднак ягоныя адносіны з Масквой былі няпростымі, паколькі Ціта імкнуўся займаць максымальна незалежную ад Крамля пазыцыю. З другога боку, Масква прызнавала ўрад Югаславіі ў выгнаньні, які на чале з каралём Пятром Другім дзейнічаў у Лёндане.

Тым ня менш, пазьней Ціта быў адной зь нешматлікіх асобаў, ўшанаваных найвышэйшай савецкай вайсковай узнагародай – Ордэнам Перамогі.

У верасьні 1944 году войскі савецкага Трэцяга ўкраінскага фронту ўступілі на тэрыторыю Югаславіі, аднак да гэтага часу армія Ціта практычна выцесьніла нямецкіх захопнікаў са значнай часткі тэрыторыі краіны. У лістападзе 1944 году было падпісана пагадненьне паміж Нацыянальным Камітэтам вызваленьня Югаславіі і ўрадам у эміграцыі аб утварэньні адзінага ўраду.


* * *
Сёньняшняе рашэньне аб ліквідацыі Югаславіі было прынятае пераважнай большасьцю галасоў дэпутатаў фэдэральнага парлямэнту. Чаму? На гэтае пытаньне адказвае сэрбскі журналіст Міхайла Рамач:

(Рамач: ) “Чарнагорыя і Сэрбія ужо 5 гадоў былі фактычна незалежнымі дзяржавамі. Яны мелі незалежныя эканомікі: у Чарнагорыі афіцыйная валюта – эўра, у Сэрбіі – дынар. Трэба было проста запісаць гэта ў Канстытуцыю, зрабіць новую Канстытуцыю, новыя правілы стасункаў. У новай Канстытуцыі ясна сказана, што Сэрбія і Чарнагорыя – садружнасьць дзьвюх незалежных дзяржаваў.

Рашэньне аб ператварэньні дзяржавы ў саюз стала вынікам кампрамісу, першапачаткова Чарнагорыя настойвала на тым, каб саюз быў аб’яднаньнем дзьвюх незалежных дзяржаваў, а Сэрбія прапаноўвала захаваньне фэдэрацыі. У выніку атрымалася нешта сярэдняе – у ліку агульнасаюзных справаў застаюцца толькі пытаньні абароны і замежнай палітыкі.

Варта адзначыць, што і гэты кампраміс, магчыма, ня быў бы дасягнуты, калі б ня высілкі Эўразьвязу, які здолеў стрымаць як незалежніцкія памкненьні чарнагорцаў, гэтак і жаданьне сэрбаў захаваць агульную дзяржаву. Некаторыя дасьціпныя сэрбы называюць новы саюз “Саляніяй”, прыгадваючы ролю каардынатара Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Хаўера Саляны.

Бялграду і Падгорыцы далі зразумець, што іх уступленьне ў Раду Эўропы і пачатак перамоваў пра ўступленьне ў Эўразьвяз магчымыя толькі ў прапанаванай кампраміснай форме. Дарэчы, 57 гадоў таму некаторыя лідэры тагачаснай Югаславіі таксама разглядалі пытаньне пра далучэньне сваёй краіны, але тады – да Савецкага Саюзу.


* * *
У чэрвені 1946 году маршал Ціта прыехаў у Маскву – фармальнай нагодай быў удзел у пахаваньні Міхаіла Калініна, аднак сапраўднай мэтай былі перамовы са Сталіным. Найбліжэйшыя паплечнікі Ціта – Эдвард Кардэль, Мілован Джылас – прапанавалі далучыць Югаславію да СССР, аднак гэта не было здзейсьнена. А праз два гады кіраўнікі Югаславіі называліся ў савецкіх газэтах не інакш як “забойцамі і шпіёнамі”.

Дакумэнты, якія тычыліся пасьляваеннага канфлікту паміж СССР і Югаславіяй, былі расскакрэчаныя толькі ў апошнія гады. Паводле гісторыкаў, і Сталін, і Ціта выказвалі прэтэнзіі на лідэрства ў міжнародным камуністычным руху. Крызіс, які ўзьнік на Балканах, быў таксама вынікам штучнага вырашэньня тэрытарыяльных і нацыянальных праблемаў у выніку Ялцінскіх і Патсдамскіх Дамоваў.

У сьнежні 1949 году – у дні, калі ўсё “прагрэсіўнае чалавецтва” адзначала 70-годзьдзе Іосіфа Сталіна – газэта “Правда” адзначала, што “недалёкі той дзень, калі здрадніцкую кліку Ціта напаткае ганебны лёс злачынных наймітаў імпэрыялістычнай рэакцыі”.

У савецкім Генштабе пачала распрацоўвацца апэрацыя ўваходу савецкіх войскаў у Бялград і адхіленьня Ціта ад улады. Перад гэтым на тэрыторыі Румыніі павінен быў быць створаны так званы “Народны Камітэт Югаславіі”, які б зьвярнуўся да сацыялістычных краінаў з просьбай аб дапамозе.

А ў 1949 плян Масквы не ажыцьцявіўся – Югаславія вынесла пытаньне на Генэральную Асамблею ААН. Адначасна Бялград пачаў атрымліваць вайсковую дапамогу ад ЗША і іншых заходніх краінаў. Цырымония прыёму ад НАТО самалётаў “Маскіто” и “Тандэрджэт” па радыё трансьлявалася на ўсю краіну. Югаславія падпісала так званы “Балканскі пакт” з Грэцыяй і Турэччынай і пачала абмяркоўваць магчымасьць далучэньня да НАТО, аднак пазьней Бялград заявіў пра прынцып “роўнай аддаленасьці” ад Захаду і Ўсходу.


* * *
Пра тое, як зараз мяркуецца будаваць супольныя дзяржаўныя органы Сэрбіі і Чарнагорыі, распавядае Міхайла Рамач:

(Рамач: ) “Гэтая садружнасьць незалежных дзяржаваў будзе мець 5 міністэрстваў. Супольнымі будуць толькі пытаньні абароны і замежных справаў. Акрамя адпаведных міністэрстваў будуць яшчэ толькі міністэрства зьнешнеэканамічных сувязяў, міжрэспубліканскіх эканамічных адносінаў і міністэрства ў справах этнічных меньшасьцяў. У адносінах з трэцімі краінамі Сэрбія і Чарнагорыя будуць выступаць як адзіны суб’ект міжнароднай палітыкі. Амбасады Югаславіі стануць амбасадамі Сэрбіі і Чарнагорыі. Сэрбія і Чарнагорыя – так будзе называцца новая дзяржава – будзе мець адно месца ў ААН, у АБСЭ і ў іншых міжнародных інстытуцыях. Праз 3 гады кожная зь дзяржаваў Садружнасьці мае права прызначыць рэфэрэндум пра аддзяленьне”.

Ці будзе гэтая сыстэма ўлады жыцьцяздольнай – пакажа час. Аднак досьвед, напрыклад, беларуска-расейскага саюзу сьведчыць пра тое, што спробы спалучаць сувэрэнітэт часткі і цэлага прыводзіць толькі да блытаніны. Паводле згоды, нават новы саюз будзе мець часовы характар – праз тры гады кожны бок можа правесьці рэфэрэндум пра незалежнасьць. Чарнагорскія палітыкі ўжо зараз гавораць, што праз тры гады рэфэрэндум абавязкова будзе праведзены. Са свайго боку і праэўрапейскія сілы ў Сэрбіі, згуртаваныя вакол прэм’ер-міністра Джынджыча, даволі спакойна ставяцца да такой пэрспэктывы. Паводле Джынджыча, страта Канстытуцыі 1992 году, якой была ўтвораная Югаславія, што дажывае сёньня апошні дзень, – гэта ўсяго толькі страта ілюзіі, бо гэтая Канстытуцыя, паводле Джынджыча і раней не функцыянавала.


* * *
А зараз ізноў гістарычная даведка.

Пасьля сьмерці Сталіна, нягледзячы на тое, што Ціта дэкляраваў вернасьць марксысцкай ідэялёгіі, Югаславія істотна адрозьнівалася ад краінаў сацыялістычнага лягеру найперш ў эканамічнай сфэры. У Югаславіі дзейнічала так званая эканоміка сацыялістычнага самакіраваньня. У ёй захоўваліся асноўныя прынцыпы плянавай эканомікі, аднак прысутнічалі і элемэнты рынкавай свабоды. У 1970-ыя ў Савецкім Саюзе паездка ў Югаславію прыроўнівалася паводле бюракратычных працэдураў да паездак у капіталістычныя краіны.

Ціта стаў стваральнікам пасьляваеннай Югаславіі, адзінства якой у значнай ступені трымалася на ягоным асабістым аўтарытэце. У 1948 годзе ён казаў: “Мы пралілі мора крыві за братэрства і адзінства нашых народаў. І мы нікому і ніколі не дазволім звонку ці знутры разбурыць гэтае адзінства”.

Аднак пасьля сьмерці правадыра адзінства стала разбурацца менавіта з прычыны ўнутраных супярэчнасьцяў.

У пачатку 1990-ых гадоў гэтыя тэндэнцыі выйшлі на паверхню, адбыўся распад Югаслаўскай Фэдэрацыі, які суправаджаўся войнамі ў Харватыі і Босьніі і “этнічнымі чысткамі” альбанцаў у Сэрбіі. Македонія і Славенія выйшлі са складу Фэдэрацыі без вайсковага канфлікту.

Войны ня здолелі спыніць распад фэдэрацыі. Цяперашні канчатковы развод адбываецца надзвычай мірна. Прычына гэтага – ня толькі горкі досьвед спробаў сілаю захаваць адзінства, але і імкненьне і Сэрбіі, і Чарнагорыі ў Эўропу. Менавіта гэта зрабіла магчымым кампраміс, Сэрбія і Чарнагорыя ня робяцца ворагамі, бо рушаць ад адзінства ў адзінай дзяржаве да адзінства ў адзінай Эўропе.

Сёньняшні развод Сэрбіі і Чарнагорыі – падзея павучальная і для Беларусі. Для беларуска-расейскіх адносінаў досьвед сьмерці Югаславіі карысны як дэманстрацыя няжыцьцяздольнасьці любых сыстэмаў, якія спалучаюць сувэрэнітэт часткі і цэлага. Эўрапейскі чыньнік югаслаўскага разводу таксама мае значэньне для Беларусі – яна сапраўды можа аб’яднацца і з Сэрбіяй, і з Чарнагорыяй, а калі атрымаецца, і з Расеяй у адзінай Эўропе сувэрэнных дзяржаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG