Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"АНДРЭЙ АНДРОСІК НЕ ПАМЁР, А ЗАГІНУЎ У БАРАЦЬБЕ З ШЭРАСЬЦЮ", – ПЕРАКАНАНЫ АЛЯКСЕЙ ДУДАРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Галоўны рэжысэр Тэатру юнага гледача Андрэй Андросік памёр у ноч на 3 лютага ад інсульту ў адным зь менскіх шпіталёў. Ён нарадзіўся 13 ліпеня 1941 году ў расейскай Самары, але з 1972 ягоная дзейнасьць зьвязаная з Беларусьсю. Андрэй Андросік доўгі час працаваў рэжысэрам у Купалаўскім тэатры, а з 1995 году заняў пасаду мастацкага кіраўніка, а пасьля й галоўнага рэжысэра Тэатра юнага гледача. Пра ролю Андрэя Андросіка ў беларускім тэатральным мастацтве гаворыць вядомы драматург, старшыня Саюзу тэатральных дзеячоў Аляксей Дудараў:

(Дудараў: ) "Андросік быў адметны тым, што ён вельмі глыбокі чалавек. Ён усё рабіў так грунтоўна, пасьлядоўна, нетаропка сваю справу. І багата чаго зрабіў, багата хто ў яго навучыўся. Яго апошнія два спэктаклі – "Маленькі лорд" і "Палачанка" па маёй п'есе, яны былі, так бы мовіць, этапнымі ў ТЮГу. Ну і пэўна ж, гэта ня ўсім падабалася. Калі нешта яркае, дык на тле гэтай яркасьці шэрае робіцца яшчэ больш шэрым. Вось гэта яму дараваць не маглі й не даравалі. Ён не памёр, ён загінуў у барацьбе з шэрасьцю".

Андрэй Андросік ня толькі ставіў выдатныя спэктаклі, якія ня надта падабаліся ўладам. Ён падтрымліваў беларускую рок-музыку, заўсёды даваў залю тэатра для прэзэнтацыі рок-гуртоў. Андросік бараніў загадчыка тэатральнай літчасткі, вядомага паэта Артура Вольскага, якога ўлады хацелі звольніць, ня даў перавесьці тэатральны рэпэртуар на расейскую мову. Пра памёрлага сябра гаворыць вядучы актор ТЮГу Анатоль Жук:

(Жук: ) "Памёр адзін з найвыдатнейшых дзеячоў нашага мастацтва Андрэй Андросік. Наш галоўны рэжысэр, наш мастацкі кіраўнік. Да яго хацелася цягнуцца, да яго хацелася бегчы, хацелася быць зь ім. Гэта быў адзіны галоўны рэжысэр, які жыў гэтым домам-тэатрам. Усе астатнія проста прысутнічалі, выконвалі свае абавязкі".

Вядучы актор Тэатру юнага гледача параўноўвае Андрэя Андросіка з таксама нядаўна памёрлым Уладзімерам Мулявіным. Абодва з Расеі, але палюбілі Беларусь і вельмі шмат зрабілі для беларускай культуры. Андрэя Андросіка пахаваюць заўтра на Паўночных могілках Менску побач зь ягонымі бацькамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG