Скандал вакол “Белшыны” разгортваецца на тле неакрэсьленай будучыні ўсяго беларускага футболу. Спробы Аляксандра Лукашэнкі прызначыць свойго вылучэнца на пасаду прэзыдэнта фэдэрацыі футболу могуць мець наступствы ўжо 17 лютага, калі ў Менск прыбудзе адмысловая делегацыя назіральнікаў ад УЕФА і ФІФА. Днямі прэзыдэнт фэдэрацыі Рыгор Фёдараў быў выкліканы ў штаб-кватэру ФІФА ў Швайцарыі, дзе кіраўнік ФІФА Ёзэф Блятэр нядвухсэнсоўна выказаўся на карысьць магчымых санкцыяў да беларускага футболу. Наколькі рашучыя будуць гэтыя захады, мусяць пацьвердзіць ці абвергнуць ягоныя пасланьнікі ў сярэдзіне лютага. Рыгор Фёдараў, прадчуваючы мажлівасьць радыкальных высноваў, сёньня ад’ехаў падлячыцца ў Маскву, у клініку міністэрства спорту Расеі.
(Фёдараў:) “Зараз фэдэрацыю ўзмоцнена правяраюць. Але ў любым выпадку ня трэба думаць, што вось, маўляў, Фёдараў спрабуе ўцячы ад праблемаў. Няхай сабе глядзяць, можа, штосьці падкажуць, паколькі ў любой гаспадарцы ўсё ідэальна быць ня можа. Але разам з тым я спадзяюся на словы ўдзячнасьці, паколькі для футболу гэтаксама нямала зроблена. Ня скажуць — дрэнна. Ну, а праверка ёсьць праверка: што ж у ёй добрага?”
Спадар Фёдараў не хавае, што першай футбольнай ахвярай можа стацца бабруйская “Белшына”. Але не з прычыны санкцыяў ФІФА, у выніку якіх беларускія гульцы могуць стацца пэрсонамі нон-грата ў Эўропе, а з-за кадравай і эканамічнай палітыкі ў камандзе. Яшчэ зусім нядаўна “Белшына” была найлепшай футбольнай камандай Беларусі. Зараз яна перажывае востры крызыс. Па сутнасьці, “Белшына” — банкрут. Уся маёмасьць апісаная падатковымі органамі, адно што зь месяца ў месяц адтэрміноўваюцца выплаты па даўгах. Запазычанасьці перад крэдыторамі, падатковымі органамі, фэдэрацыяй футболу дасягнулі 1,5 мільярда рублёў. Разам зь нявыплачанымі заробкамі трэнэрам і футбалістам у суме лічба складае больш за 2 мільярды рублёў, альбо ў эквіваленце мільён даляраў. Ніводзін спонсар ня ў стане кампэнсаваць падобныя выдаткі. У звароце да спартовых функцыянэраў гульцы акцэнтуюць увагу на тым, што цяперашняе кіраўніцтва каманды баіцца банкруцтва, паколькі незалежная камісія, якая прызначаецца на пэрыяд абвяшчэньня банкрутам, мусіць дакапацца да вытокаў крытычнай сытуацыі.
Канфлікт паміж кіраўніцтвам і калектывам каманды разгарэўся пры канцы мінулага году, калі чэмпіёны-2001 папрасілі нарэшце выплаціць заробленыя па выніках сэзону грошы. Шэрагу футбалістаў кіраўніцтва было віннае па 15-20 тысячаў даляраў. Рэакцыя прэзыдэнта каманды Алега Гушчы была нечаканай: сваім загадам ён звольніў з пасадаў трэнэраў Андрэя Хлебасолава і Юрыя Сьвіркова, якія прывялі “Белшыну” да чэмпіёнскага званьня.