Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭНСІЯНЭРЫ КАЖУЦЬ, ШТО ПАДВЫШЭНЬНЕ ПЭНСІЯЎ НЕ ПАЛЕПШЫЦЬ ІХ СТАНОВІШЧА


Галіна Абакунчык, Менск

У залежнасьці ад памеру пэнсіяў, кожны грамадзянін сталага веку і пэнсіянэры-інваліды дадаткова атрымаюць прыкладна 5–10 тысяч рублёў. Ці здольныя гэтыя грошы істотна паўплываць на матэрыяльнае становішча — пытаюся ў пэнсіянэраў на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) “Нічога не паляпшаецца, бо павышаюцца кошты на тавары й на паслугі. Як мне, дык дададуць толькі 7 тысяч рублёў. Што за іх купіць — праблем многа, а грошай мала”.

(Спадар: ) “Купляю хлеб і малако. І тое, ад месяца да месяца мне пэнсіі не хапае”.

(Карэспандэнтка: ) “Што за гэтыя грошы вы можаце набыць?”

(Спадарыня: ) “Нічога абсалютна. Мне крыўдна: чаму я атрымліваю такія малыя грошы?”

(Спадарыня: ) “Каб пражыць, я мушу падпрацоўваць”.

(Спадар: ) “Я атрымліваў 120 тысяч, а цяпер буду 125, але такія пэнсіі маюць далёка ня ўсе. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб людзі не змаглі выжыць. Так і атрымліваецца: сьмяротнасьць вельмі вялікая”.

Працоўныя пэнсіі ў Беларусі цяпер атрымліваюць 2 мільёны 400 тысяч чалавек, 400 тысяч — пэнсіянэры паводле інваліднасьці. Яны сьцьвярджаюць, што інвалідам на дзяржаўныя выплаты жыць яшчэ цяжэй.

(Спадарыня: ) “Гэта ж капейкі, драбяза. Мой муж інвалід 2-й групы, атрымаў 84 тысячы рублёў. Хіба гэта грошы? А яму ні сала, ні яек няможна есьці — ходзіць пляшкі зьбірае. Ну, няхай яму 3 тысячы дабавяць, дык, што — на гэта можна пражыць?”

(Спадар: ) “На 30% паднімаюцца кошты й на 7% пэнсіі — ну гэта ж сьмех. Я пэнсіянэр, таму перажываю. Толькі квартплата 90 тысяч рублёў. Не хапае пэнсіі, каб разьлічыцца хоць бы за гэта. Я ня ведаю, як далей жыць”.

(Карэспандэнтка: ) “За грошы, якія вам дадаюць, што вы зможаце набыць?”

(Спадарыня: ) “А што за іх можна набыць? Калі раскласьці па днях, дык і на хлеб ня хопіць. Жыць немагчыма”.

(Спадар: ) “6–7 тысяч рублёў, якія гэта 6–7 булак хлеба і ўсё. Чыноўнікі хочуць паказаць, што яны харошыя”.

(Спадар: ) “Я ня думаў, што дажыву да такога часу, што будуць такія кіраўнікі ў краіне і што жыць будзем так кепска”.

Толькі летась памер пэнсійных выплатаў падвышаўся чатыры разы, аднак па-ранейшаму пэнсіі не пасьпявалі за інфляцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG