Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ, ШТО Ў ІРАКУ ЗБРОІ МАСАВАГА ЗЬНІШЧЭНЬНЯ НЯМА, А Ў КНДР ЯНА ЁСЬЦЬ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі для некаторых супрацоўнікаў мас-мэдыяў Аляксандар Лукашэнка заявіў наконт сытуацыі вакол Іраку, што “нельга дапусьціць, каб абыходзячы цывілізаваныя формы дачыненьняў дзяржаваў, былі выкарыстаныя нейкія барбарскія мэтады”. Паводле спадара Лукашэнкі, прэзыдэнты краінаў СНД дамовіліся, што падтрымліваюць пазыцыю Расеі, Францыі, Нямеччыны, якія выступаюць супраць вайны з Іракам.

Беларускі кіраўнік сказаў, што ніхто не паказаў яшчэ месца, дзе ляжыць зброя ў Іраку, і дадаў: “То бок зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку на сёньняшні дзень няма”. Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што нельга заганяць у кут Паўночную Карэю, а трэба “па-чалавечы, па-добраму весьці дыялёг з кіраўніцтвам КНДР, тым больш, што ўсе ведаюць, што такое карэйцы, тым больш у Паўночнай Карэі — гэта людзі вельмі рашучыя”.

На думку спадара Лукашэнкі, “ня трэба дражніць людзей, якія маюць зброю масавага зьнішчэньня – і хімічную, і біялягічную, і ядзерную”.

Вяртаючыся да тэмы нядаўняга саміту СНД у Кіеве, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея, Беларусь і Ўкраіна рана ці позна будуць разам, бо “зараз пачаўся маленькі рух наперад у гэтым напрамку, вельмі баязьлівы й асьцярожны”.

Паводле спадара Лукашэнкі, ён плянуе правесьці масавае апытаньне насельніцтва Беларусі “з высокай рэпрэзэнтатыўнасьцю”, каб даведацца пра стаўленьне грамадзянаў да формы будучага саюзу з Расеяй. “Я мушу вызначыцца, чаго хочуць беларусы ды што неабходна адстойваць”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Як мяркуецца, грамадзянам Беларусі будуць прапаноўваць канкрэтныя пытаньні: ці хочуць яны ўваходжаньня сваёй краіны па частках у склад Расеі, альбо цалкам туды ж, альбо саюзу дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў.

Спадар Лукашэнка таксама сказаў, што расейскія тэлеканалы ў Беларусі не закрываюцца, а ідзе пераразьмеркаваньне рэтрансьляцыйнае сеткі. Паводле яго, пытаньні вяшчаньня расейскіх электронных мас-мэдыяў у Беларусі яшчэ канчаткова ня вырашаныя, але трэба весьці цывілізаваны дыялёг зь іх маскоўскім кіраўніцтвам. На думку Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь таксама мае права паказаць сваё жыцьцё ў Расеі.

Кіраўнік Беларусі сёньня выказаў спадзеў на тое, што стасункі з АБСЭ будуць разьвівацца на падставе падпісанага наяпрэдадні новага году пагадненьня. “Думаю, што цяпер не паўстане такіх канфліктаў, як з папярэдняй місіяй АБСЭ ды яе кіраўніком спадаром Вікам”, – зазначыў Аляксандар Лукашэнка й сказаў, што офіс АБСЭ ў складзе чатырох супрацоўнікаў будзе працаваць у Беларусі 1 год. “Калі ўсё будзе нармальна, няхай АБСЭ прысылае хоць 200 чалавек да канца гэтага тысячагодзьдзя”, — дадаў спадар Лукашэнка, але падкрэсьліў, што беларускае кіраўніцтва будзе жорстка рэагаваць на спробы ўмяшальніцтва ўва ўнутраныя справы.

Аляксандар Лукашэнка сёньня скрытыкаваў і амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака. Лукашэнка заявіў, што ўлады будуць прадухіляць дзеяньні амэрыканскага амбасадара, які некалькі дзён таму наведаў Гомельскую вобласьць і “амаль правёў там мясцовыя выбары”. Амбасадар Козак сустрэўся ў Гомелі з кандыдатамі й лідэрамі мясцовых філіяў палітычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG