У Страсбур сёньня прыехалі Вольга Захаранка, Людміла Карпенка, яшчэ ўчора прыляцела Ірына Красоўская і таксама зь Нямеччыны прыехаў Алег Алкаеў. Гэта быў яго першы выступ перад камісіяй.
Ірына Красоўская сёньня зрабіла вельмі цікавую прапанову што да працы камісіі. Паколькі Сяргей Кавалёў скардзіўся на тое, што ён даслаў свой запыт у сьледчыя органы Беларусі і ўжо тры месяцы ня мае адказу, Красоўская прапанавала ўжываць расейскі фактар. Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Кавалёў мае дэпутацкае права дасылаць запыты, напрыклад, у ФСБ і можа знайсьці тую інфармацыю, якую ён ня змог знайсьці ў Менску.
Сёньня на паседжаньні камісіі сабраўся ўвесь яе склад і нават людзі, якія ня маюць да яе ніякага дачыненьня. Быў нават адзін чалавек, які ўвогуле ня ёсьць парлямэнтаром, але ён прасіў дазволу прысутнічаць на гэтай сустрэчы, бо цікавасьць да сытуацыі са зьніклымі ў Беларусі вельмі вялікая. І гэта пры тым, што сёньня дзень ня вельмі ўдалы, бо ён проста сэнсацыйны – сёньня ўраньні лорд Джад абвясьціў, што калі 23 сакавіка рэфэрэндум у Чачэніі адбудзецца, то ён пойдзе ў адстаўку. Гэта сапраўдная сэнсацыя, якую абмяркоўваюць сёньня ўсе ў кулюарах. І тым ня менш, на паседжаньне камісіі сабраліся ўсе, хто мог, і нават тыя, хто не павінен быў быць, і заля, у якой праходзіла прэсавая канфэрэнцыя жонак зьніклых пасьля паседжаньня, была таксама поўная.
Сябры камісіі будуць зьвяртацца да беларускіх уладаў. Яны вырашылі напісаць ліст ужо проста да Лукашэнкі – можа, ён адкажа ім што-небудзь, калі не адказвае пракуратура, калі не адказваюць праваахоўчыя органы. Таксама камісія вырашыла на наступнае сваё паседжаньне запрасіць сьледчых Случака і Петрушкевіча, каб тыя падзяліліся зь імі сваёй інфармацыяй.
Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўчора справалі наладзіць кантакт з дэпутатамі Лібэральнай групы ПАРЭ, сябры якой ёсьць кіраўнікамі некаторых структураў Асамблеі. Віцэ-сьпікер непрызнанага міжнароднай супольнасьцю парлямэнту Ўладзімер Канаплёў запрсіў некаторых дэпутаў зь Лібэральнай групы ў рэстарацыю. Гэтая сустрэча стала надзвычай скандальнай. Справа ў тым, што дэпутаты Лібэральнай групы вырашылі запрасіць на гэтую неафіцыйную сустрэчу Ірыну Красоўскую, і калі Ірына разам з дэпутатамі Лібэральнай групы прыйшла ў тую рэстарацыю, Уладзімер Канаплёў, Андрэй Лосеў і прадстаўнік Беларусі ў Радзе Эўропы Валер Рамашка, якія там прысутнічалі, сказалі, што калі Ірына застанецца, то яны пойдуць прэч. Урэшце рэшт Ірына сама вырашыла сысьці, каб не ствараць ніякіх непрыемнасьцяў для дэпутатаў Лібэральнай групы, і сустрэча прайшла вельмі напружана. Дэпутаты палаты прадстаўнікоў засталіся вельмі незадаволенымі, таму што яны спрабавалі пераканаць эўрапейскіх дэпутатаў у тым, што калі Беларусь зноў атрымае свой статус, то ў іх, у дэпутаў палаты прадстаўнікоў, таксама будзе больш магчымасьцяў штосьці рабіць у Менску.