Да гэтага часу паседжаньні выбарчых камісіяў яшчэ не паўсюль скончыліся. Таму пакуль вядомыя толькі няпоўныя зьвесткі. Але ўчорашняя тэндэнцыя, калі палова прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў ня здолела прайсьці рэгістрацыю, падобна, захоўваецца.
У прыватнасьці, адмову атрымаў кіраўнік незарэгістраванай беларускай Партыі свабоды Сяржук Высоцкі. Камісія палічыла, што ён наўмысна не паказаў у дэклярацыі наяўнасьць гаража. Але, паводле спадара Высоцкага, невялічкі гараж, які на самай справе існуе, належыць не яму, а ягоным бацькам.
Не зацьвердзілі ў якасьці кандыдата і намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыку. Прафэсар гаворыць пра сяброў камісіі:
(Хадыка: ) “Мая бабка гаварыла: закон, што дышла. А яны нават дрэнны закон кампрамэтуюць. Ну што зрабіць?! Гэта ж, безумоўна, не адпавядае духу закону. Ён уводзіўся, каб выкрываць буйных махінатараў. А яны мяне выкрылі. Я нічога не магу сказаць. Атрымліваў 24 тысячы за рэцэнзію, якая мне была заказаная пры канцы 2001 году. У студзені 2002 году я яе здаў і атрымаў 24 тысячы. Гэта паўадсотка ад майго гадавога заробку”.
Дарэчы, зьвесткі дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці сталі вельмі распаўсюджаным абгрунтаваньнем адмовы ў рэгістрацыі. Гаворыць юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:
(Стэфановіч: ) “Я быў вельмі зьдзіўлены, што якраз большасьць кандыдатаў, якія не былі зарэгістраваныя, зьнятыя з выбарчай гонкі не ў сувязі з тым, што подпісы былі сабраныя зь нейкімі парушэньнямі, а таму, што былі няправільна паказаныя анкетныя зьвесткі і зьвесткі дэклярацыяў. Вельмі шмат такіх выпадкаў. Я асабіста назіраў некалькі вельмі спрэчных момантаў, якія, на маю думку, сьведчаць пра тое, што чалавек паказаў усё правільна, а выбарчая камісія сьцьвярджала, што нейкія дадзеныя ў дэклярацыі несапраўдныя. І на гэтай падставе людзей не рэгістравалі.
Быў цікавы выпадак з прадстаўніком БНФ Шынкевічам у Першамайскім раёне. Ён не ўказаў у дэклярацыі прычэп да машыны. А прычэп рэгіструецца таксама як транспартны сродак у ДАІ. А Шынкевіч пра гэта ня ведаў”.