Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ПРАВОДЗЯЦЬ НЕЗАЛЕЖНАЕ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СЬМЕРЦІ МІХАІЛА КАЛАМІЙЦА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Беларусь прыбыла група супрацоўнікаў праваахоўчых органаў Кіева дзеля дадатковага расьсьледаваньня справы Міхаіла Каламійца. Гэтыя зьвесткі з кіеўскай пракуратуры пацьвердзілі ў пракуратуры Беларусі. Нагадаем, летась пры канцы кастрычніка ў лесе пад Маладэчнам было знойдзенае цела дырэктара агенцыі “Ўкраінскія навіны” Міхаіла Каламійца.

У пракуратуры Маладэчна прычынай сьмерці лічаць самагубства, аднак кіеўская пракуратура дагэтуль не паставіла кропку ў справе. У прыватнасьці, украінскія сьледчыя ня высьветлілі, чаму Каламіец вырашыў зьвесьці рахункі з жыцьцём не на радзіме, а менавіта ў Беларусі. Незразумела і тое, чаму ня знойдзеныя асабістыя рэчы нябожчыка.

Дарэчы, зьвестак пра склад украінскай групы і пра пляны яе дзейнасьці ў Беларусі практычна няма. Прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў толькі запэўніў, што ўкраінскім калегам аказваецца “ўсялякае садзеяньне”.

Затое больш адкрытай ёсьць праца групы ўкраінскіх журналістаў, якія ўчора прыехалі ў Менск для незалежнага расьсьледаваньня. Сёньня група пяці журналістаў з розных мэдыяў Украіны наведала Маладэчна. Да Аляксея Кірычэнкі з украінскага тэлебачаньня я датэлефанаваўся, калі журналісты гутарылі з супрацоўнікамі маладэчанскай пракуратуры. У першай палове дня Аляксей Кірычэнка ўжо пасьпеў сустрэцца з чалавекам, які знайшоў цела Каламійца ў лесе.

(Кірычэнка: ) “Гэта быў грыбнік. Ён зьбіраў грыбы і здалёк убачыў “чалавека, які глядзіць угару”. Гэтак ён апісаў свае першыя ўражаньні. А праз колькі часу вяртаўся зь лесу і зноў убачыў “гэтага чалавека ў той самай позе”. Ён зьдзівіўся і тады вырашыў падысьці бліжэй. Аказалася, што чалавек вісіць на вяроўцы”.

Я пераказаў Аляксею Кірычэнку тое, што цьвердзяць адносна гэтай вяроўкі ў пракуратуры Беларусі. Нібыта другі яе кавалак быў знойдзены ў кіеўскай кватэры Каламійца, што ёсьць сьведчаньнем таго, што ён рыхтаваўся да самагубства яшчэ дома. Гэтыя зьвесткі пракуратуры Беларусі ўкраінскі журналіст Кірычэнка пацьвердзіў толькі часткова.

(Кірычэнка: ) “Так, мы ведаем пра заяву адной асобы, якая нібыта бачыла падобную вяроўку ў кватэры Каламійца, але пакуль у нас няма зьвестак, што гэта сапраўды тая самая вяроўка”.

Украінскія журналісты таксама плянуюць наведаць маладэчанскі гатэль, у якім спыняўся Міхаіл Каламіец напярэдадні сьмерці. Нявысьветленым застаецца, куды падзеліся рэчы ўкраінскага журналіста, у тым ліку ягоны пашпарт. Журналісты не выключаюць, што гэта магло быць звычайнае прысваеньне маёмасьці чалавека, які доўга не вяртаўся ў свой пакой. Але магчымыя і іншыя вэрсіі. Украінскіх журналістаў больш зьдзіўляе, што беларускія сьледчыя гэтыя пытаньні ня высьветлілі.

Дарэчы, мой суразмоўца ня скардзіўся, што беларускія сьледчыя і прадстаўнікі ўлады ствараюць ім нейкія перашкоды ці затойваюць інфармацыю. Адзінае, што групе ўкраінскіх журналістаў, каб выканаць сваю справу, давялося патраціць час на акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі. “Нас папярэдзілі, што інакш зьбіраць тут нейкія зьвесткі не дазволена”, — патлумачыў Аляксей Кірычэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG