Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ КАМІСІІ ПАРЭ ДЛЯ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ ВЯДОМЫХ ЛЮДЗЕЙ У БЕЛАРУСІ СУСТРЭЎСЯ З ДЭПУТАТАМІ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ


Гутарыў Сяргей Абламейка

(Вядучы: ) “Добры дзень, Ірына. Як нашыя слухачы ўжо ведаюць, сёньня старшыня адмысловай камісіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы для расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых людзей у Беларусі Сяргей Кавалёў меўся сустрэцца з былым старшынём сьледчага камітэту МУС Беларусі Леанідам Глухоўскім. Ці адбылася гэтай сустрэча і калі так, то якія яе вынікі?”

(Халіп: ) “Так, сустрэча адбылася а 10-й гадзіне раніцы. Апроч Леаніда Глухоўскага, на ёй прысутнічаў дэпутат палаты прадстаўнікоў Андрэй Лосеў. Падчас гэтай сустрэчы дэпутаты паспрабавалі пераканаць Сяргея Кавалёва ў тым, што парлямэнт вельмі актыўна працуе і нават зьдзяйсьняе ўвесь неабходны ціск на сілавыя структуры, каб тыя рухаліся хутчэй і расьсьледавалі ўрэшце рэшт справы пра зьнікненьні вядомых асобаў. Глухоўскі сьцьвярджаў, што маўчаньне ўладаў вельмі лёгка патлумачыць – маўляў, ёсьць таямніца сьледзтва і ёсьць апэратыўная інфармацыя, якую нікаолі нельга разгалошваць.

Паводле Сяргея Кавалёва, зь якім я сустракалася пасьля гэтай сустрэчы, складалася ўражаньне, што Глухоўскі прыехаў адмыслова, каб выканаць загад начальства і са шчырымі вачыма распавесьці пра посьпехі ў расьследаваньні ад імя дзяржавы беларускай”.

(Вядучы: ) “Ірына, у Страсбуры знаходзіцца і афіцыйная дэлегацыя Беларусі. Чым афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі займаліся сёньня?”

(Халіп: ) “Афіцыйную дэлегацыю ў Страсбуры пакуль што прадстаўляюць толькі Леанід Глухоўскі і Андрэй Лосеў. Леанід Глухоўскі, дарэчы, заўтра зьедзе і нават ня будзе прысутнічаць на паседжаньні адмысловай камісіі для расьсьледаваньня зьнікненьняў.

Затое сёньня ўвечары ў Страсбур прыедзе віцэ-сьпікер палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў. І гэтым разам, што цікава, Канаплёў вельмі зацікавіўся Лібэральнай групай Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Я ведаю нават, што назаўтра ён кулюарна запрасіў некаторых сябраў групы, найбольш уплывовых, у рэстарацыю.

Гэтую раптоўную цікавасьць вельмі лёгка растлумачыць: справа ў тым, што ўсе, ад каго зараз залежыць далейшы лёс беларускага пытаньня – гэта і Сяргей Кавалёў, і Ёнас Чаколіс, які ачольвае камісію Палітычнага камітэта ў справах Беларусі, і Вацлаў Станкевіч, які актыўна вельмі адстойвае інтарэсы беларускай апазыцыі на Парлямэнцкай Асамблеі, і нават старшыня Палітычнага камітэту ПАРЭ Роман Якіч – усе яны ёсьць сябрамі Лібэральнай групы. Вось такая канцэнтрацыя. Так што, напэўна, заўтра Ўладзімер Канаплёў будзе распавядаць, што ён сапраўдны лібэрал”.

(Вядучы: ) “З прадстаўнікоў беларускай апазыцыі ў Страсбуры на гэты момант застаўся ўжо хіба адзін намесьнік страшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Ці былі праведзеныя нейкія новыя сустрэчы зь яго ўдзелам?”

(Халіп: ) “Так, учора вечарам Анатоль Лябедзька зьехаў са Страсбура, і Валянціна Палевікова таксама, але Яраслаў Раманчук сустракаўся, у прыватнасьці, з дарадцам Вальтэра Швімэра, генэральнага сакратара Рады Эўропы, Іванам Каеджыкавым, з тым жа Ёнасам Чаколісам, у яго таксама была кароткая сустрэча зь Дзьмітрыем Рагозіным, які ачольвае Камітэт Дзярждумы Расеі ў міжнародных справах, і на сёньняшні вечар, я ведаю, у яго заплянаваная сустрэча з Тэры Дэвісам”.

(Вядучы: ) “Ірына, як вядома, заўтра ў Страсбуры павінен быць абраны новы дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Што вядома на гэты момант аб кандыдатурах на гэтую пасаду?”

(Халіп: ) “На гэты момант у Радзе Эўропы абмяркоўваюцца дзьве найбольш магчымыя кандыдатуры. Гэта Стэф Горэс, зноў жа, сябар Лібэральнай групы, і Жолт Нэмэт, сябар Групы народнікаў. Але хто будзе абраны, пакуль што невядома. Гэта, сапраўды, хутчэй за ўсё адбудзецца заўтра, але можа нават і ў апошні дзень сэсіі, у пятніцу”.

(Вядучы: ) “Дзякуй, Ірына. На простай тэлефоннай сувязі са Страсбуру, дзе праходзіць сэсія парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, была нашая карэспандэнтка Ірына Халіп. Нагадаю слухачам, што заўтра павінна адбыцца паседжаньне Адмысловай камісіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справе зьніклых у Беларусі. Для удзелу ў гэтым паседжаньні заўтра ў Францыю прыедуць Ірына Красоўская, Вольга Захаранка і Людміла Карпенка. Пасьля паседжаньня жонкі палітыкаў правядуць прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў. Сачыце за нашымі перадачамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG