Журналісты “Super Express” распавядаюць пра зварот некалькіх дзясяткаў сваіх калегаў зь Беларусі і Расеі ў прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з заклікам ратаваць Белавескую пушчу.
Аўтары звароту сьцьвярджаюць, што пасьля таго, як нацыянальны парк быў падпарадкаваны канцылярыі прэзыдэнта, там распачалося некантраляванае высяканьне каштоўных дрэваў, а таксама інтэнсіўны збор грыбоў, ягад, лекавых зёлак ды бярозавага соку.
“А на патрэбы вялізнай лесапілкі, што месьціцца ў адной зь Белавескіх вёсак, ў Нямеччыне за паўтара мільёна даляраў была набытая адмысловая дрэваперапрацоўчая лінія. Цяпер на тэрыторыі пушчы знаходзіцца больш за 80 тысячаў кубічных мэтраў сьпілаваных дрэваў”, – адзначае польскі штодзёньнік.
“З нацыянальнага парку зрабілі калгас, у той час як ён належыць да спадчыны ўсяго чалавецтва. Калі прытрымлівацца інструкцыяў у справе высяканьня лесу, уведзеных цяперашнімі гаспадарамі, дык можна сьпілаваць палову пушчы”, – падае “Super Express” словы аднаго зь беларускіх адмыслоўцаў у справах нацыянальнага парку.
Польскі штодзёньнік таксама адзначае, што журналісты – аўтары звароту ў ААН, заклікаюць дыпляматаў гэтай міжнароднай арганізацыі наладзіць супольную экспэдыцыю на беларускі бок пушчы, бо толькі тады ім дазволяць знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парку.
Варта ўзгадаць, што напярэдадні міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што ягоная краіна шкадуе нават пра тыя тэрыторыі Белавескай пушчы, дзе калісьці трэба было высякаць дрэвы, каб усталяваць сыстэмы аховы мяжы. Паводле міністра, Польшча будзе рабіць усе намаганьні, каб са свайго боку не зашкодзіць адзінаму экалягічнаму арганізму, якім ёсьць гэтая ўнікальная ў Эўропе пушча.