Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТРАЛЬНЫ РЫНАК ГОМЕЛЯ Ў АБЛОЗЕ КАНТРАЛЁРАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Прадпрымальнікі кажуць, што масавыя праверкі на рынку распачаліся пасьля адпаведнага распараджэньня кіраўніка дзяржавы “вэртыкальным” і кантрольным органам. Яны мелі на мэце ўзяць пад строгі кантроль выдзяленьне гандлёвых месцаў, выключыць іхны перапродаж, іншыя злоўжываньні. Аднак праверкі адмоўна адбіліся перш за ўсё на прадпрымальніках. Распавядае Іван Губараў:

(Губараў: ) “Пачалі патрабаваць сэртыфікаты, якія не патрабавалі раней некалькі гадоў. Сталі адбіраць месцы, тавар з прычыны адсутнасьці сэртыфікатаў і гігіенічнай рэгістрацыі. Многія афармляюць гэтыя сэртыфікаты, і таму зараз не выходзяць на працу на рынак”.

Малюнак дапаўняюць іншыя прадпрымальнікі Цэнтральнага рынку:

(Першы: ) “У нас на рынку распачаўся сапраўдны тэрор у дачыненьні прадпрымальнікаў”.

(Другі: ) “Незаконна пазбаўляюць месцаў”.

(Трэці: ) “Наколькі мы разумеем, хочуць запоўніць Прудкоўскі рынак за кошт нашага рынку, каб той пачаў працаваць і даваць які-небудзь прыбытак”.

Паводле зьвестак суполкі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, гандлёвых месцаў на Цэнтральным рынку пазбавіліся ўжо звыш сотні чалавек. Гэта прадаўцы харчоў, касмэтыкі, дзіцячага адзеньня, электрычных ды іншых тавараў.

Справа ўскладняецца тым, што нават сэртыфікаты краінаў СНД у разьлік не бяруцца. Патрабуюць беларускую сэртыфікацыю і рэгістрацыю, за што прадпрымальнікам трэба плаціць немалыя грошы.

У абласную санслужбу паступіла каля 6 тысяч дакумэнтаў на гігіенічную рэгістрацыю розных тавараў. І паколькі раённым цэнтрам гігіены ня дадзена права займацца такой рэгістрацыяй, то атрыманьне дакумэнтаў зацягваецца на доўгія тыдні. Адпаведна зацягваецца і вымушаны страйк гандляроў.

З прычыны канфлікту прадпрымальнікі падалі ў абласны і гарадзкі выканаўчыя камітэты адмысловае патрабаваньне з 24 пунктаў. Іх набралася шмат таму, што ранейшыя прапановы адносна ўпарадкаваньня гандлю на рынках на мясцовым і рэспубліканскім ўзроўнях у разьлік ня браліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG