Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МЕНЧУКІ ЎСПРЫМАЮЦЬ ЧАРГОВАЕ ПАДВЫШЭНЬНЕ МІНІМАЛЬНАГА ЗАРОБКУ?


Ганна Соусь, Менск

Цяпер мінімальны заробак у Беларусі складае 40 тысяч 670 рублёў. Гэта крыху больш за 20 даляраў. Менш за гэтую суму наймальнік ня мае права плаціць сваім работнікам, нават калі прадпрыемства працуе са стратамі. Для параўнаньня: у суседняй Літве мінімалка складае каля 100 даляраў. Як успрымаюць людзі чарговае падвышэньне мінімальнага заробку? Ці зьвязваюць яны гэта з падвышэньнем сваіх даходаў? Якой павінна быць мінімальная заработная плата ў Беларусі? З гэтымі пытаньнямі я зьвярнулася да мінакоў на менскіх вуліцах.

(Спадар: ) “Гэта абуральна. На гэтыя грошы нават добры кот не пражыве, ня тое што чалавек. Колькі там? 40 тысяч… Што такое 40 тысяч?”

(Другі спадар: ) “Нават калі значна павялічыцца, на маім становішчы гэта не адаб’ецца ніякім чынам. Праблема найперш у падыходзе да эканомікі. Павелічэньне мінімалкі ня вырашыць праблемаў, якія зараз ёсьць у краіне”.

(Спадарыня: ) “Вельмі складана пражыць на гэтыя грошы. Максымум тры дні можна пражыць”.

(Другая спадарыня: ) “Мне падаецца, што павелічэньне мінімалкі ня будзе добрым для людзей, таму што ўсё роўна падвысяцца цэны. Таму мне здаецца, што патрэбныя дакладныя меры, а не гэтае падвышэньне, бо яно — мінімальнае”.

(Карэспандэнтка: ) “А якім, на ваш погляд, павінен быць мінімальны заробак у Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Ня менш за 400–500 даляраў. Тое, што мы маем зараз, вельмі мала”.

(Спадар: ) “Напярэдадні 2001 году Лукашэнка абяцаў, што кожны працоўны нашай краіны будзе атрымліваць ня менш за 250 даляраў ЗША. Але ж ня толькі я, але і мае сябры й знаёмыя ніколі такіх заробкаў ня мелі”.

(Спадарыня: ) “Ніяк не адаб’ецца, таму што, прыкладам, зараз пэнсію падвысілі на 7%, атрымала на 15 рублёў больш. Плата за кватэру цяпер жахлівая — больш за траціну маёй пэнсіі. І сьвятло падаражэла…”

(Другая спадарыня: ) “Абавязкова трэба павялічваць, і не да 40 тысяч, а каб нармальны быў заробак”.

(Спадар: ) “Пэрсанальна на мне ніяк не адаб’ецца. Я пэнсіянэр, заробку ня маю, а пэнсія ідзе спраўна”.

(Спадарыня: ) “Я не лічу, што мне з гэтай прычыны падвысяць стыпэндыю. Гэтай мінімалкі хопіць толькі аднойчы добра схадзіць у краму. На нармальны заробак патрэбна нармальна харчавацца, набываць вопратку…”

(Спадар: ) “Гэта дрэнна адаб’ецца на “зайцах”, якія любяць задарма езьдзіць у аўтобусах і тралейбусах, таму як штраф, а гэта палова мінімалкі, складзе цяпер 20 тысяч. Гэта вельмі вялікі штраф, і таму некаторыя людзі задумаюцца. Прыемна, што цяпер на прадпрыемствах усё ж будуць плаціць больш. 40 тысяч — гэта амаль больш за стыпэндыю”.

(Другі спадар: ) “Усё роўна не хапае грошай. Цэны растуць, а заробкі маленькія. Я лічу, што павелічэньне мінімальнага заробку адаб’ецца толькі на цэнах. У нашай дзяржаве нельга пражыць на мінімалку”.

(Спадарыня: ) “Мы абедзьве мэдычныя работнікі. У сьнежні быў пераразьлік, прэзыдэнт нам павялічыў заробак на 3 тысячы. Для нармальнага існаваньня патрэбна зарабляць хаця бы 500 даляраў, каб мець усё неабходнае”.

Гэтак паставіліся мінакі на менскіх вуліцах да чарговага падвышэньня мінімальнага заробку ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG