Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПЕРАХОД НА РАСЕЙСКІЯ НОРМЫ ЎТРЫМАНЬНЯ РАДЫЯЦЫІ Ў ХАРЧАХ ЗАДАРАГІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Нормы ўтрыманьня радыенуклідаў у харчах — гэта пытаньне ўзроўню сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны, упэўненыя магілёўскія радыёлягі. Вядома, што расейскія стандарты ў гэтай галіне больш жорсткія за беларускія, і для таго, каб іх выконваць магілёўскім сельгасвытворцам, спатрэбяцца вялікія сродкі.

Паводле інфармацыі абласнога ўпраўленьня праблемаў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, 16 мільёнаў даляраў штогод трэба выдаткаваць на новыя тэхналёгіі, зьмяненьне прыборнай базы ўліку, пераспэцыялізацыю сельскіх гаспадарак, набыцьцё больш прадукцыйнай жывёлы і ўрэшце падрыхтоўку кадраў.

Спэцыялісты гавораць, што размовы пра прыняцьцё расейскіх дапушчальных узроўняў вядуцца гады тры, аднак і зараз ніякіх распараджэньняў наконт гэтага не паступала. У Магілёве лічаць, што тут трэба захаваць балянс паміж мэдыцынай і эканомікай: і каб харчаваньне не было шкодным для здароўя чалавека, і каб дзяржава ня несла стратаў.

Пакуль санітарныя службы, мясакамбінаты і малаказаводы карыстаюцца нормамі ўтрыманьня цэзію і строцыю 1999 году. Хаця летась былі адзінкавыя выпадкі, калі магілёўскія мясакамбінаты вярталі жывёлу, якая не праходзіла і цяперашнія нормы ўтрыманьня радыяцыі. Вяртаньня малака з гэтых прычынаў не было, хаця менавіта вытворчасьць малака спэцыялісты называюць самай праблемнай галіной для пераходу на расейскія нормы.

Цяжкасьці могуць узьнікнуць у прыватным сэктары. На тэрыторыі Магілёўшчыны ёсьць зараз 33 населеныя пункты, дзе малако і мяса не адпавядае беларускім узроўням утрыманьня радыяцыі. Адак яшчэ пяць гадоў таму такіх вёсак было у тры разы болей, і тут зноў паўстае пытаньне аб выдаткаваньні грошай.

Хаця інфармацыя аб неабходных для пераходу на расейскія нормы значных сродках лягічна разыходзіцца з рапартамі вытворцаў малака і мяса. Паводле афіцынай статыстыкі, 95–99% сельгаспрадукцыі ў грамадзкім сэктары і зараз адпавядае нормам, якія дзейнічаюць у Расеі, і толькі нязначная частка малака і мяса ня можа быць рэалізаваная магілёўскім вытворцамі за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG