Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАША КАРАЛЬКОВА ПАЙШЛА Ў ШКОЛУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Штотыдзень Маша Каралькова мае чатыры гадзіны індывідуальных кансультацыяў на беларускай мове. Дзяўчына абрала для навучаньня матэматыку, гісторыю і сусьвет — тыя школьныя прадметы, якія не вывучаюцца ў звычайнай школе на беларускай мове.

Разам са сваёй клясай Маша вывучае беларускую, замежную і расейскую мовы і літаратуры, гісторыю Беларусі, наведвае заняткі фізычнай культуры. Бацькі не дазволілі ёй хадзіць на ўрокі музыкі, дзе сьпяваюць расейскія песьні, а атэстацыю заняткаў працы дзяўчына атрымае з дапамогай школы рамёстваў.

Аднаклясьнікі ставяцца да Машы прыязна і распавядаюць ёй, што бачылі яе ў тэлевізійных перадачах. Настаўніцы, якія вядуць кансультацыі, кажуць дзяўчыне, што ўспамінаюць і вывучаюць родную мову разам зь ёй.

Сама Маша ўсьцешаная тым, што наведвае школу, хоць і заўважае за выкладчыкамі шмат памылак у беларускай мове. Аднак яе бацькі сытуацыяй незадаволеныя: у школе размаўляюць па-расейску і настаўнікі, і вучні, што робіць, паводле меркаваньня Ірыны і Віктара, нэгатыўны ўплыў на мову і якасьць ведаў іх дачкі.

Каральковы лічаць, што новая сыстэма заняткаў Машы выявіла істотную праблему ў разьвіцьці беларускамоўнай адукацыі: адсутнасьць у сярэдняй школе настаўнікаў, якія б маглі працаваць на належным узроўні менавіта па-беларуску.

Ірына Каралькова гаворыць, што яе сям’я вымушаная была пайсьці на пэўны кампраміс і часткова пагадзіцца на ўмовы райаддзелу адукацыі, каб дачка больш не здавала шмат іспытаў у кароткі тэрмін, як гэта адбылося пасьля другой чвэрці. Між тым, Ірына падкрэсьлівае, што Маша будзе займацца такім чынам толькі да заканчэньня ёй 5-й клясы.

Бацкі Каральковы патрабуюць адчыніць беларускамоўную клясу з новага навучальнага году, бо яны ўпэўненыя: для нармальнага разьвіцьця і атрыманьня добрай беларускамоўнай адукацыі патрэбнае асяродзьдзе, дзе б і настаўнікі, і вучні заўсёды размаўлялі на роднай мове.

Ірына Каралькова лічыць, што гэта, на жаль, толькі яшчэ пачатак барацьбы за права атрыманьня беларускамоўнай адукацыі і пакуль на чыноўнікаў ад адукацыі ня ўзьдзейнічаюць ані патрабаваньні бацькоў, ані законы ды пастановы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG