Першае папярэджаньне Таварыства беларускай мовы атрымала за тое, што падчас акцыі “Размаўляем па-беларуску” на рэклямных улётках да назвы арганізацыі не былі далучаныя словы “Грамадзкае аб’яднаньне.” А другое — за тое, што лідзкая філія ТБМ нібыта незаконна ўсталявала крыж на месцы бітвы войскаў ВКЛ з расейскімі захопнікамі, хоць на гэта далі дазвол мясцовыя ўлады. У ТБМ лічаць, што і першае, і другое папярэджаньні не вытрымліваюць крытыкі ні зь юрыдычнага, ні маральнага гледжаньняў.
Гаворыць намесьніца старшыні таварыства Людміла Дзіцэвіч:
(Дзіцэвіч: ) “Гэта прэцэдэнт і юрыдычнай, і гістарычнай недасканаласьці: паставілі крыж у гонар шляхціцаў, якія баранілі нацыю, мову й культуру. За гэта трэба ордэн даваць, а мы судзімся”.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў упэўнены, што гэта палітычны працэс, замоўлены найвышэйшымі ўладамі дзеля закрыцьця таварыства. Гаворыць Алег Трусаў:
(Трусаў: ) “Справа гэта палітычная. У любы момант нас могуць закрыць, і, наколькі я ведаю з канфідэнцыйных крыніцаў, ёсьць пэўныя сілы, якія хацелі б гэта зрабіць яшчэ ўчора”.
Толькі летась Міністэрства юстыцыі вынесла 121 папярэджаньне грамадзкім арганізацыям Беларусі. Многія назіральнікі зьвязваюць гэта з набліжэньнем выбараў. Гаворыць кіраўнічка Цэнтру правоў чалавека Вера Страмкоўская:
(Страмкоўская: ) “Роля грамадзкіх арганізацыяў у працэсе выбараў прапісаная ў нашай Канстытуцыі й законах. І немагчыма гэта разглядаць адрозна адно ад другога. Гэта ўсё адно другое дапаўняе, на жаль”.
Разгляд пазову ТБМ да Мінюсту судзьдзя Вярхоўнага суду Самойленка перанёс на аўторак, 28 студзеня.