Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗЬВІТАНЬНЕ ЗЬ ЛІДЭРАМ “ПЕСЬНЯРОЎ” АДБУДЗЕЦЦА Ў АЎТОРАК У МЕНСКІМ ДОМЕ АФІЦЭРАЎ


Ігар Карней, Менск

Дагэтуль не названая дакладная прычына сьмерці Ўладзімера Мулявіна. Галоўны лекар расейскага Інстытуту нэўрахірургіі імя Бурдэнкі Станіслаў Парашуцінскі, які асабіста кіраваў курсам рэабілітацыі Ўладзімера Мулявіна, ў тэлефоннай размове распавёў, што яшчэ на пачатку году калектыў лекараў быў вельмі ўсьцешаны нармалізацыяй стану здароўя Мулявіна. Аднак 17 студзеня Мулявін нечакана страціў прытомнасьць і быў зьмешчаны ў рэанімацыю. Двойчы ён перажыў клінічную сьмерць, трэці раз сэрца спынілася назаўсёды.

Падсумоўваючы гутарку, спадар Парашуцінскі дадаў, што рабіць прагнозы наконт рэабілітацыі падобнай катэгорыі хворых заўсёды вельмі складана, паколькі зьнешняя нармалізацыя можа скончыцца імгненнай зьменай сытуацыі. Што ў дадзеным выпадку і адбылося.

На просьбу жонкі Мулявіна Сьвятланы Пенкінай, у Маскве, у Дзяржаўнай канцэртнай залі “Россия”, у панядзелак ад трэцяй да пятай гадзіны прайшла грамадзянская паніхіда і разьвітаньне з народным артыстам СССР і Беларусі. У аўторак труна зь целам музыкі будзе прывезеная ў Менск. 28 студзеня ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы сталіцы адбудзецца адпяваньне, а кожны, хто захоча асабіста разьвітацца са славутым песьняром, можа гэта зрабіць ад 12 да 14 гадзіны ў цэнтральным Доме афіцэраў. Адразу ж пасьля гэтага Ўладзімер Мулявін будзе пахаваны на Ўсходніх могілках сталіцы.

Між тым, і ў Беларусі, і ў Расеі працягваюць абмяркоўваць фэномэн Мулявіна. За сорак апошніх гадоў, якія ён пражыў у Беларусі, нязвыклы прэцэдэнт беларусізацыі расейскага чалавека ўздымаўся неаднаразова. Але кропак над “і” ў падобных дыскусыях пастаўлена так і не было.

Паэт Генадзь Бураўкін быў ня толькі аўтарам многіх песень “Песьняроў”, але па-сапраўднаму сябраваў з Уладзімерам Мулявіным. Але спадар Бураўкін дагэтуль зьдзіўляецца, наколькі дакладна Мулявін, адрозна ад многіх мясцовых жыхароў, адчуваў беларускую культуру.

(Бураўкін: ) “Натуральна, што ў побыце беларускай мовай ён практычна не карыстаўся. Але пры гэтым, наколькі тонка і вельмі здорава адчуваў Купалу. Бо Купала, як кажуць, увесь у слове беларускім. Паглядзіце нават, які матэрыял ён браў для сваіх песень. Тая ж купалаўская малітва “За беларускі народ”. Ён знайшоў яе сам, ніхто яму гэтага не навязваў. Сам, чытаючы Купалу, выбраў для сваёй песьні. Як хораша ён зрабіў песьні на вершы Максіма Багдановіча: “Пагоня”, “Слуцкія ткачыхі”, “Лявоніха”.

Чалавек не беларус, але настолькі ўспрыняў душою паэзію нашых клясыкаў, геніяў нашых, што музыка ў яго гучэла беларуская. Я заўсёды радаваўся, калі ён умела гэта рабіў. І можа нейкім чынам, я спадзяюся, таксама спрыяў ягонай вернасьці да беларускай паэзіі, беларускай народнай песьні”.

Цягам васьмі месяцаў, якія мінулі з моманту аўтакатастрофы, мэдыкі па-рознаму ацэньвалі пэрспэктывы на рэабілітацыю Ўладзімера Мулявіна. Толькі апошнім часам здалося, што прага да жыцьця перамагла; Мулявін нават перасеў у вазок. А на 1 лютага быў прызначаны выступ “Песьняроў” на чале зь нязьменным кіраўніком…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG