Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ЧЭХІІ ЗНОЎ НЯ БЫЎ АБРАНЫ


Натальля Судлянкова, Прага

Нечаканасьцю было ня толькі зьяўленьне трэцяй кандыдатуры, але і тое, што дзякуючы Яраславе Мозэравай прэзыдэнт ня быў абраны адразу ў першым туры выбараў. І самая вялікая нечаканасьць – з барацьбы пасьля першага туру выпаў фаварыт выбараў – былы прэм’ер-міністар Мілаш Зэман.

Сёлетнія выбары прэзыдэнта Чэхіі прыцягваюць да сябе вялікую ўвагу, па-першае, таму, што ўпершыню у сучаснай гісторыі Чэхіі выбары альтэрнатыўныя. Дакладней, яны і раней фармальна былі альтэрнатыўныя, але фактычна іншай кандыдатуры, апроч Вацлава Гавэла ніхто і ня бачыў. Але самае галоўнае, сёлета адбудзецца замена болей як паловы сябраў Канстутыцыйнага суда Чэскай рэспублікі. І менавіта прэзыдэнт краіны прызначае іх тэрмінам на 10 гадоў.

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі лідэрам ёсьць Вацлаў Клаўс, але таксама вельмі высока ацэньваецца спадарыня Мозэрава. Ёй 73 гады, але яна і дагэтуль выключна працаздольная, інтэлігентная і, дарэчы, уплывовая як палітык.

Нашым слухачам яе імя мала знаёмае, але ў Эўропе і сьвеце Мозэрава стала вядомай яшчэ 34 гады таму. Яна была лекаркай і ў 1968-м годзе менавіта яна дапамагала Яну Палаху, які сябе спаліў на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхіі. Потым Яраслава Мозэрава займалася навукай – кіравала аддзяленьнем ажогаў Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе і паралельна перакладала з ангельскай мовы. І дасягнула ў гэтым вялікіх посьпехаў. Яна стала самай вядомай перакладчыцай твораў вядомага пісьменьніка Дыка Фрэнсіса. Сама піша казкі і сцэнары фільмаў. Была чэскім амбасадарам у Аўстраліі і Новай Зэляндыі, тры гады ачольвала Генэральную канфэрэнцыю ЮНЭСКА. У яе вялікі вопыт як дыпляматычнай працы, так і ўнутрыпалітычнай. Таму сэнатары і дэпутаты ніжняй палаты, якія Мозэраву вылучылі, перакананыя, што менавіта яна зьяўляецца найлепшай кандыдатурай на пасаду прэзыдэнта Чэхіі. Яна сама ў сваёй прамове гэтак адзначыла свае галоўныя якасьці: “Выконваю свае абавязаньні, трымаю слова і заўсёды кажу праўду”.

Цяпер, хутчэй за ўсё, адбудзецца трэці тур парлямэнцкіх выбараў. Але ўсё больш і больш людзей, якія выступаюць у падтрымку наўпростых выбараў. Я запыталася віцэ-прэм’ера чэскага ўраду Паўла Рыхецкага, наколькі магчымым ёсьць пераход да наўпростых выбараў прэзыдэнта, і ён адказаў: “Наўпростыя выбары прэзыдэнта – гэта відавочнае разьвіцьцё падзеяў. Але яно патрабуе вялікіх зьменаў у Канстытуцыю краіны”.

Таму, як адзначыў Павал Рыхецкі, цалкам магчыма, што хутка будзе трэцяе кола выбараў прэзыдэнта парлямэнцкім галасаваньнем.

Нагадаю, што паўнамоцтвы цяперашняга прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла скончацца 2 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG