Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА АДМАЎЛЯЕЦЦА ПАДТРЫМЛІВАЦЬ ІНВАЛІДАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Музычныя й сьпеўныя калектывы, мастацкія студыі й спартовыя сэкцыі, якія існавалі ў культурна-асьветніцкіх цэнтрах Менску ды іншых буйных гарадоў, цяпер мусяць фінансаваць прадпрыемствы, дзе працуюць самі інваліды. Як вынік, з 280 кіраўнікоў гурткоў дабрачынна працаваць пагадзіліся толькі 120. Напалову зьменшылася і колькасьць калектываў, многія зь якіх мелі статус народных.

Каардынатарка гэтай працы Тамара Крутаўцова кажа, што на ўсе просьбы аб дапамозе ўлады адказалі адмоваю і найцяжэй гэтую абыякавасьць успрымаюць самі інваліды. Гаворыць Тамара Крутаўцова:

(Крутаўцова: ) “Ёсьць таленавітыя й мастакі, і сьпевакі, і гэта для іх частка жыцьця, якая, магчыма, і не такая значная, як для здаровага чалавека. Ім бы крыху дапамагчы, і гэта была бы ня толькі фінансавая дапамога, але псыхалягічная, што мы ўсім патрэбныя. Але, відаць, сродкаў не знайшлося. Таму псыхалягічна было вельмі цяжка”.

Акрамя таго, прадпрыемствы, дзе працуюць інваліды зроку, а такіх у Беларусі ўсяго 16, мусяць са сваіх прыбыткаў дабудоўваць рэабілітацыйны цэнтар. Ён плянаваўся як месца прафэсійнай перападрыхтоўкі й сацыяльнай адаптацыі інвалідаў. Але дзяржаўная падтрымка гэткая мізэрная, што будоўля доўжыцца амаль дзесяць гадоў. Аднак і грамадзкая арганізацыя ня здольная выконваць функцыі дзяржавы, — кажа намесьнік кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў зроку Віктар Шастак.

(Шастак: ) “Кожны год людзі губляюць зрок. І самы галоўны наш клопат, каб гэтыя людзі змаглі рэабілітавацца й жыць далей. Дык гэта ж агульны клопат. Мы прапаноўвалі супрацоўніцтва многім уладным структурам, аднак адказы атрымалі адмоўныя. Мы ня ў стане як грамадзкая арганізацыя падмяніць дзяржаву”.

2003 год у Літве й іншых эўрапейскіх краінах абвешчаны годам ільготаў прадпрыемствам і грамадзкім арганізацыям інвалідаў. У Беларусі з 2003 году інваліды мусяць плаціць два дататковыя падаткі: чарнобыльскі й дарожны збор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG