Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЦІ ПАМЕРЛЫХ ЛІКВІДАТАРАЎ НАСТУПСТВАЎ ЧАРНОБЫЛЮ ЗАСТАЮЦЦА БЕЗЬ ДЗЯРЖАЎНАЙ ДАПАМОГІ


Любоў Лунёва, Менск

Дакладней — іх удовы і дзеці-сіроты. Але толькі ў тым выпадку, калі родныя здолеюць даказаць, што сьмерць іхнага кармільца наступіла з прычыны наступстваў Чарнобылю.

У такім выпадку іх родныя менш будуць плаціць за камунальныя паслугі, а дзецям дзяржава мусіць плаціць палову ад заробка іх бацькоў і забясьпечыць іх жытлом.

Але часам на практыцы гэта выглядае інакш. Ліквідатары прызвычаіліся да таго, што дзяржава не выконвае сваіх абяцаньняў наконт іх забесьпячэньня. Сёньня яны сутыкнуліся з тым, што і дзяцей іх сяброў, якія засталіся круглымі сіротамі, дзяржава пакідае на волю лёсу.

Аляксандар Тозік працаваў на ЧАЭС сем месяцаў пасьля выбуху. Летась ён памёр. Вось што распавёў ягоны сябар, які разам зь ім працаваў і жыў у адным намёце:

(Анатоль: ) “Пасьля збораў Саша вельмі хварэў. У яго памерла жонка. Ён застаўся зь дзіцём на руках. І сам хворы. Ад дзяржавы ніякай дапамогі. Быў у яго дом у вёсцы… Ну, а потым хвароба… І сам памёр. Застаўся адзінаццацігадовы сын Жэня сіратой”.

Яўген Тозік застаўся круглым сіратою. Сябры ягонага бацькі Аляксандра зьвяртаюцца ў розныя структуры, каб далі хлопчыку хоць нейкую пэнсію. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня ліквідатараў “Сож” Валеры Ягур асабіста займаецца гэтай справай. Ён атрымаў цынічны адказ з Заводзкага райвыканкаму Менску пра тое, што Яўген ня мае патрэбы ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, бо мае дом у вёсцы. Дом той, дарэчы, згарэў пасьля бацькавай сьмерці. І ў выканкаме ёсьць аб гэтым даведка ад Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

(Ягур: ) “Мы вельмі абураныя, і нам крыўдна. Мы паклалі сваё здароўе, каб астатнім было добра жыць і ніхто пры такой трагедыі не рызыкаваў. Нам вельмі крыўдна, што такі лёс можа напаткаць і нашых дзяцей. Прайшло ўжо шаснаццаць гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы, і мы ўсё больш і больш адчуваем яе наступствы на сабе. Цяпер кожны з нас прыкідвае гэтую сытуацыю на сябе. З кожным з нас можа здарыцца тое ж самае, што і з Тозікам. Што будзе з нашымі дзецьмі? Хто будзе прасіць за нас?”

Сябры памерлага Аляксандра Тозіка кажуць, што будуць і надалей змагацца зь бюракратычнай машынай, каб забясьпечыць хлопчыка хоць нейкай пэнсіяй. Яны не выключаюць і публічную акцыю пратэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG