Цяпер Радзім Гарэцкі знаходзіцца ў аддзяленьні нэйрахірургіі 9-га клінічнага шпіталю. Разам зь ім жонка Галіна. Жонка дазволіла пагаварыць з акадэмікам.
(Гарэцкі: ) “Зараз я сябе адчуваю больш-менш нічога, больш прыстойна. Канечне, лепш у хаце быць ці на працы, чым тут у шпіталі. Паглядзелі тамаграму — дзякуй богу, толькі чэрапна-мазгавая траўма. Наклалі шэсьць швоў. Дзякуй богу, гематомы вялікай няма. Ну, пабіты нос. Ён стаў такі расплюшчаны, як у нэгра. Вось, бачыце? Я не хачу пакрыўдзіць нэграў, проста такі нос. Язык прыкусаны — і з бакоў, і ў глыбіні, таму і баліць у роце. Вось і губы раздутыя…”
Нагадаем, увечары 17 студзеня спадар Гарэцкі вяртаўся з паседжаньня Нацыянальнага арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні 85-х угодкаў БНР. Каля першага пад’езда ягонага дома на яго напалі невядомыя. Рабаўнікі моцна зьбілі яго і забралі з кішэняў 150 тысяч рублёў, пашпарт, пасьведчаньне акадэміка, а таксама партфэль з кнігамі бацькі — Гаўрылы Гарэцкага. Пасьля ўдару па галаве акадэмік страціў прытомнасьць і нічога не памятае пра той выпадак, але мае пэўныя вэрсіі здарэньня.
(Гарэцкі: ) “Вельмі цяжка казаць пра гэта — наўмысна, ці выпадкова, ці простае рабаўніцтва, адназначна цяжка казаць. Але крыху наводзіць на думкі тое, што напад на мяне, гэта ўжо восьмы ці дзявяты такога ж стылю, такога ж почырку. Стукалі чалавека ззаду па галаве, а калі ён стаціць прытомнасьць, то ці нешта забіралі, ці — не”.
Кіраўніцтва міжнароднай арганізацыі “Згуртаваньне беларусаў сьвету”, прэзыдэнтам якой восем гадоў быў Радзім Гарэцкі, распаўсюдзіла заяву, у якой нагадвае пра напад на кінарэжысэра Юрыя Хашчавацкага, тэатральнага рэжысэра Валерыя Мазынскага, навукоўца і пісьменьніка Адама Мальдзіса, палітыка Аляксея Караля: “Ствараецца ўражаньне, што ўрадавым колам нашай краіны альбо сытуацыя непадпарадкаваная, альбо такое становішча запалохваньня дзеячоў навукі й культуры і іх перасьледу цалкам задавальняе ўрадавыя структуры”.