Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫПЫНЕНАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА АБ ЗЬНІКНЕНЬНІ ЗАХАРАНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьледчы менскай пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка адначасова са справай пра выкраданьне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага прыпыніў і справу аб зьнікненьні былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Сьледчы адмовіўся пацьвердзіць гэты факт Радыё Свабода, заявіўшы, што “больш нічога для мэдыяў не камэнтуе і не паведамляе”, але гэтай навіной ён падзяліўся з адвакатам сям’і Захаранкаў Алегам Воўчакам. Паводле Алега Волчака, сьледчы Чумачэнка паведаміў яму, што яшчэ тры дні таму падпісаў пастанову аб прыпыненьні справы Захаранкі. Прычынаў гэтага ён не назваў, сьцьвярджае Алег Воўчак.

Цяпер абедзьве пастановы Чумачэнкі знаходзяцца ў рэспубліканскай пракуратуры. “Зыходзьце з таго, што калі сьледчы падпісаў пастанову, то справы сапраўды ўжо лічацца прыпыненымі. У рэспубліканскай пракуратуры толькі правераць законнасьць дзеяньняў сьледчага. Ягоную пастанову вывучаць і прымуць па ёй заснаванае на законе рашэньне”, — сказаў для Радыё Свабода прэсавы сакратар пракуратуры краіны Аляксей Таранаў.

Аднак вядомы праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што ў рэспубліканскай пракуратуры рашэньне сьледчага Чумачэнкі адкарэктуюць.

(Паганяйла: ) “Мяркую, што ня столькі вывучаецца законнасьць і абгрунтаванасьць рашэньня сьледчага, колькі рэдагуецца зьмест дакумэнта, каб да мінімуму зьвесьці інфармацыю, усё, што магчыма, схаваць і прадставіць пацярпелым абсалютна ніякі дакумэнт, зь якога ніхто б нічога не зразумеў”.

Гары Пагняйла кажа, што паводле закону падставаў для прыпыненьня падобных справаў можа быць дзьве: ня знойдзеныя асобы, якіх можна абвінаваціць у выкраданьні людзей, і другая — ня знойдзеныя зьніклыя. Між тым, паводле Гары Паганяйлы падазраваных асобаў у справах дастаткова, але пракуратура ня хоча імі займацца. Што ж да заяваў пра “немагчымасьць знайсьці зьніклых”, то спадар Паганяйла лічыць, што такая магчымасьць застаецца, пакуль не дапытаныя тыя, каго падазраюць.

“Сьледзтва і не хавае, што тут ня ўсё зроблена. У прыватнасьці, не дапытаны генэрал міліцыі Мікалай Лапацік. Не дапытаны генэральны пракурор Віктар Шэйман”, — заўважае Гары Паганяйла. Таму ён лічыць, што рашэньне аб прыпыненьні справаў незаконнае, і заяўляе, што пацярпелыя і абаронцы будуць дамагацца аднаўленьня сьледзтва.

Падобную мэту вызначае і Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі, вядомай сваёй актыўнасьцю ў прыцягненьні ўвагі грамадзкасьці да праблемы зьніклых.

(Лябедзька: ) “У мяне была размова са сьледчым, і мы настойвалі на тым, каб яны разглядалі палітычную вэрсію. Але ні мяне, ні Станіслава Багданкевіча ці іншых лідэраў нашай партыі, якія б маглі даць пэўныя тлумачэньні гэтай вэрсіі, на допыты не выклікалі. Таму камэнтуючы прыпыненьне справаў, я скажу, што: першае — мы расчараваныя, другое — я абсалютна перакананы, што замест Чумачэнкі іншы сьледчы давядзе гэтыя справы да суду, але гэта будзе пры іншай палітычнай уладзе”.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў пляне дзеяньняў на 2003 год, які днямі будзе зацьверджаны кіраўніцтвам АГП, шмат увагі будзе нададзена праблеме зьніклых. У тым ліку заплянаваныя агульнанацыянальныя і рэгіянальныя акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG