Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DIE WELT”: “БЕЛАРУСЬ ПАД УЛАДАЙ ДЭСПАТЫЧНАЙ ДЫКТАТУРЫ”


Ул. інф.

Паводле вядомага бэрлінскага палітоляга Аляксандра Рара, які сёньня выступае на старонках “Die Welt”, ва ўмовах цяперашняга пашырэньня НАТО і Эўрапейскага Зьвязу на ўсход, Захад мусіць быць максымальна ўважлівым да Беларусі. Пытаньне краху Лукашэнкавага рэжыму становіцца ўсё больш актуальным, — піша ён.

Прадстаўнікі Рады Эўропы сьведчаць пра імклівае пагаршэньне правоў чалавека ў Беларусі. Што да эканамічнай сытуацыі, то яна — у глыбокім крызысе, у тым ліку ў зьвязку зь міжнароднай ізаляцыяй рэжыму. Як лічыць нямецкі экспэрт, краіна знаходзіцца пад уладай “дэспатычнай дыктатуры”.

Тым часам аглядальнік швайцарскай “Neue Zuercher Zeitung” не зусім пагаджаецца з падобнай тэрміналёгіяй. “Захад, магчыма, у чымсьці перабольшвае, аднак тое, што рэжым Лукашэнкі мае аўтарытарны характар, відавочна без усялякіх дыскусіяў”, — піша аўтарытэтнае эўрапейскае выданьне зь Цюрыху.

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, апошнім часам занепакоенасьць выклікае ня толькі парушэньне правоў чалавека, але і асаблівыя дачыненьні Менску з тымі дзяржавамі, якія падазраюцца ў тэрарызьме. Ужо летась Дзярждэпартамэнт ЗША меў доказы наконт таго, што беларускае кіраўніцтва мае дачыненьне да нелегальных паставак зброі ў дзяржавы-ізгоі. Магчымасьці ўвядзеньня санкцыяў супраць Беларусі разглядаліся Вашынгтонам, аднак да канкрэтных рашэньняў так і не дайшло.

Нядаўна чарговую ўвагу міжнароднай грамадзкасьці прыцягнуў скандал у Лібане, калі быў выкрыты факт ваенных паставак Менску ў Багдад. Зразумела, Менск інтэрпрэтаваў падобны канфуз як правакацыю некаторых сілаў, адмыслова арганізаваную напярэдадні менскай сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна. Маўляў, хтосьці быў моцна зацікаўлены ў тым, каб зьнізіць значэньне гэтых перамоваў.

Паводле заяваў высокіх беларускіх чыноўнікаў, Менск дакладна прытрымліваецца рэзалюцыі ААН адносна санкцыяў супраць Іраку. Як лічаць назіральнікі, падобныя тлумачэньні невыпадковыя — сёньня Менск ніяк не зацікаўлены ў працягу канфрантацыі з Захадам.

Як піша нямецкая “Die Welt”, сёньня Захад патрэбны Лукашэнку дзеля асабістага выжываньня. Аднак у справе дачыненьняў з Эўразьвязам і ЗША Менск мусіць пачаць з нуля, — перакананыя назіральнікі.

Некаторыя крокі насустрач зробленыя: у Менску аднаўляецца праца місіі АБСЭ. Аднак, як піша “Die Welt”, нейкага радыкальнага павароту ў бок Захаду ад Лукашэнкі чакаць ня даводзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG