Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАСПАДАРЧЫ СУД АБАРАНЯЕ АБЛВЫКАНКАМ


Казімер Яноўскі, Гомель

Хутка споўніцца год, як сяляне вёскі Хільчыцы Жыткавіцкага раёну прагаласавалі за спыненьне дзейнасьці свайго калгасу-банкруту “Шлях да камунізму” і за далучэньне да фэрмэрскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Летась вяскоўцы яшчэ тройчы на агульных сходах пацьвярджалі сваё рашэньне. Аднак Жыткавіцкі райвыканкам і Гомельскі абласны выканаўчы камітэт выступаюць супраць волі калгасьнікаў.

Сёньня на судзе юрыст аблвыканкаму Віталь Уткін спрабаваў чарговы раз пераканаць, што, маўляў, вэртыкаль ня супраць рэфармаваньня. Фэрмэрскую гаспадарку з улікам далучэньня калгасу ён не перарэгістроўвае толькі таму, што парушаюцца маёмасныя правы вяскоўцаў. Калі б калгас падзялілі на долі, не было б прэтэнзіяў.

Міхаіл Шруб і ягоны прадстаўнік, кандыдат юрыдычных навук Сяргей Пратасавіцкі заяўляюць, што аблвыканкам ня меў права адмаўляць у перарэгістрацыі. Ёсьць рашэньне калгаснага сходу, ёсьць унесеныя зьмены ва ўстаноўчыя дакумэнты фэрмэрскай гаспадаркі.

Фэрмэр прыняў да сябе вяскоўцаў і калгас з усімі ягонымі даўгамі. Шруб забясьпечыў вяскоўцам добры заробак, розныя бясплатныя паслугі. Сплаціў ужо 300 мільёнаў калгасных даўгоў. У тым, што калгас не падзелены на паі, няма віны фэрмэра. Ва ўсіх калгасных статутах улады забясьпечвалі непадзельнасць калгаснай маёмасьці, і хільчыцкія сяляне не захацелі яе дзяліць.

Нягледзячы на згаданыя ды іншыя пераканаўчыя аргумэнты, судзьдзя Тацяна Стракач прыняла бок аблвыканкаму і адхіліла пазоў фэрмэра. Міхаіл Шруб будзе абскарджваць гэтае рашэньне судзьдзі.

Наконт таго, чаму ня лічацца ўлады з воляю вяскоўцаў, Міхаіл Шруб сказаў наступнае:

(Шруб: ) “Таму, што ў нейкай меры гэты шлях далучэньня калгасу да фэрмэра прадугледжвае адхіленьне ўладаў ад працэсаў рэфармаваньня вёскі. Калі больш дакладна, калгасьнікі праявілі надзвычай вялікую самастойнасьць у вызначэньні шляху свайго разьвіцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG