Прыпыненая крымінальная справа аб гвалтоўным выкраданьні намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Пра гэта Ірыне Красоўскай паведаміў кіраўнік сьледчай групы Ўладзімер Чумачэнка.
Сьледзтва бесьперапынна цягнулася зь верасьня 1999 году, і вось у пракуратуры вырашылі, што чарговы раз працягваць тэрмін расьсьледаваньня ня варта. Сьледчы Ўладзімер Чумачэнка прызнае, што яно “на дадзены момант ня мае пэрспэктывы”.
Ірына Красоўская гэтак пракамэнтавала рашэньне сьледчага:
(Красоўская: ) “Гэта ўсё зроблена дзеля таго, каб ціха пахаваць справы аб зьнікненьнях, каб не адказваць на пытаньні сваякоў, адвакатаў і міжнароднай камісіі, якая будзе цікавіцца вынікамі расьсьледаваньня. Для мяне падобнае рашэньне не было нечаканым, бо я перакананая, што кіраўніцтва краіны датычнае да гэтых выкраданьняў”.
Больш за тыдзень таму, калі стала вядома пра намер сьледчага Чумачэнкі прыпыніць расьсьледаваньне, Ірына Красоўская разам з адвакатам Гары Паганяйлам выказалі пратэст і накіравалі ў пракуратуру хадайніцтва аб падаўжэньні расьсьледаваньня. Яны запатрабавалі дапытаць генэрала міліцыі Мікалая Лапаціка, які ў сваім рапарце пералічыў шэраг фактаў, што непасрэдна паказваюць на магчымых выкрадальнікаў і арганізатараў. Аднак Ўладзімер Чумачэнка адмовіўся дапытваць генэрала Лапаціка. Сьледчы спаслаўся на тое, што генэрал удзельнічаў у расьсьледаваньні.
Пры гэтым Чумачэнка супакойвае сваякоў зьніклых, што вышуковая справа Ганчара і Красоўскага не прыпыненая, а крымінальная будзе адразу адноўленая, як толькі сьледзтву стануць вядомыя новыя пэрспэктыўныя факты.
Гэтым тлумачэньням ня верыць палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які цяпер знаходзіцца ў Бэрліне. Ён перакананы, што фактаў для раскрыцьця выкраданьня Ганчара і Красоўскага больш чым дастаткова, але сьледчаму забаронена іх вывучаць.
(Алкаеў: ) “Гэты сьледчы па сутнасьці няшчасны чалавек, нічога зрабіць ён ня ў стане, ён выконвае дзяржаўны загад, і ўсё. Тут нават невядома, да каго трэба зьвяртацца, бо зьвернесься да генэральнага пракурора, усё вернецца туды, адкуль пачалося. Вось чаму я кажу, што справу ўдасца раскрыць толькі пры іншай уладзе. Тым больш, што яна ўжо амаль раскрытая, вінаватыя ўсе ўжо вызначаныя, трэбы толькі пасьлядоўна іх дапытаць. Справы там ня больш чым на месяц”.
Нагадаем, былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алкаеў паведаміў на допыце, што на загад Юрыя Сівакова выдаваў расстрэльны пісталет камандзіру СОБРу Паўлічэнку якраз у тыя дні, калі былі скрадзеныя спачатку Юры Захаранка, а праз паўгоду Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.
Гэтыя паказаньні Алкаева потым былі выдаленыя з крымінальнай справы аб зьнікненьні Ганчара і Красоўскага. Алкаеў перакананы, што ягоныя паказаньні зьнішчылі дзеля таго, каб схаваць сьляды датычнасьці да справы палкоўніка Паўлічэнкі і тых высокіх асобаў, якія аддавалі яму загад аб зьнішчэньні лідэраў апазыцыі.