Мае суразмоўцы казалі, што яны нічога не чакаюць ад цяперашняга візыту ў Менск прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Альбо асьцерагаюцца, што наступствы прыезду Пуціна будуць толькі кепскімі.
(Спадар: ) “Масква пажынае вынікі перамогі ў газавым канфлікце, таму нічога асаблівага ад гэтага візыту я не чакаю”.
(Спадарыня: ) “Я вельмі моцна сумняюся ў тым, што нам нешта будзе лепш”.
(Спадар: ) “Нічога добрага я не чакаю. Бо Расея гэта Расея, а Беларусь гэта Беларусь”.
(Спадар: ) “Я не разумею, чаго можна чакаць добрага альбо кепскага ад гэтага візыту. Усё будзе на тым жа ўзроўні, што й зараз”.
(Спадар: ) “Менск ня ведаю, чаго чакае. А вёска нічога не чакае. Палітыкі самі па сабе, а народ сам па сабе”.
(Спадарыня: ) “Пра аб’яднаньне рана гаварыць, бо розны мэнталітэт народаў, і рознае эканамічнае становішча”.
(Спадарыня: ) “Нашыя кіраўнікі наўрад ці дамовяцца, бо паміж краінамі гэтулькі супярэчнасьцяў, што адзін візыт іх ня вырашыць”.
(Спадар: ) “Галоўным пытаньнем візыту будзе пытаньне перадзелу беларускай уласнасьці”.
(Спадар: ) “Ну які можа быць вынік? Я спадзяюся, што й Лукашэнка, і ягонае атачэньне больш задумаюцца пра тое, хто мы, куды ідзем і хто наш вораг”.
(Спадар: ) “Пуцін Лукашэнку ненавідзіць, і я думаю, што галоўнай мэтай ёсьць угаварыць яго сысьці. І не спрабаваць незаконна сядзець тут яшчэ некалькі гадоў”.
Некаторыя апытаныя казалі, што дапускаюць эканамічны саюз Беларусі й Расеі, але супраць палітычнага аб’яднаньня. Пераважная ж бальшыня заявіла, што супраць любой інтэграцыі.
(Спадарыня: ) “З эканамічнага боку можа дзесьці й патрэбна. А вось з палітычнага боку — ізноў у кабалу пад Расею”.
(Спадарыня: ) “Вельмі хацелася бы паразуменьня паміж краінамі. Магчыма, на прынцыпах Эўразьвязу, чаму не? Але толькі не такім чынам, што аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў”.
(Спадар: ) “Чыста эканаміную садружнасьць можна зрабіць. А палітычна нам галоўнае — захаваць сваю незалежнасьць і сувэрэнітэт”.
(Спадарыня: ) “Калі на аднолькавых умовах, то добра, а калі цалкам будзем залежаць ад Расеі, то будзе пагана”.
(Спадар: ) “Інтэграцыя нам непатрэбная, таму што большы беспарадак”.
(Спадарыня: ) “Я супраць інтэграцыі з Расеяй і за незалежнасьць Беларусі. Яны нас хочуць зрабіць губэрняй. Лепш на Захад рухацца”.
(Спадарыня: ) “Я лічу, што працэс уваходу Беларусі ў склад Расеі — адмоўны працэс. Таму, што Расея вялікая краіна й Беларусь патоне ў вырашэньні тых праблем, якія ёсьць у Расеі”.
(Спадар: ) “Расея вялікая краіна, заўсёды была імпэрыяй. Я не лічу, што мы павінныя пагаджацца на ролю правінцыі й правінцыялаў. Трэба арыентавацца на Захад, на суседнія Польшчу, Літву, на Чэхію, на эўрапейскія, а не азіяцкія краіны”.
(Спадар: ) “Пад шуміхай інтэграцыі ідзе акупацыя, русіфікацыя. Гэта другі Чарнобыль. Расейскія тэлеканалы паведамляюць афіцыйную інфармацыю, што за суткі ў Чачэніі забіваюць 200 расейскіх вайскоўцаў. Маладых хлопцаў, што парасят. Пуцін кажа, што пойдзем у Эўропу, а сваіх сыноў снапамі сьцеле, свой народ”.
На пытаньне “Ці адчуваеце вы асабістую выгаду ад інтэграцыі Беларусі й Расеі?” ніхто зь мінакоў станоўча не адказаў.
(Спадарыня: ) “А-а-а, ад гэтай інтэграцыі не адчула нічога. У крамах усяго поўна, а грошай няма”.
(Спадар: ) “Асабіста на сабе гэты працэс я ніяк не адчуваю”.
(Спадар: ) “Ад гэтай інтэграцыі ніякай карысьці я не адчуваю”.
(Спадарыня: ) “Можа хтосьці й адчувае, але я не, канечне”.
(Спадар: ) “Ад інтэграцыі ні я асабіста, ні мая сям’я нічога ня маем”.
(Спадар: ) “Я свой дабрабыт толькі сам раблю й не лічу, што інтэграцыя прынясе нейкія станоўчыя зьмены ў дабрабыт беларусаў”.