Каля 100 удзельнікаў акцыі з партрэтамі Юрася Корбана, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага і Анатоля Красоўскага сабраліся апоўдні 20 студзеня каля Кастрычніцкай плошчы. Першапачаткова плянавалася пачаць акцыю непасрэдна на Кастрычніцкай, але ў зьвязку з прыездам Уладзімера Пуціна ўсе падыходы да плошчы былі ачэпленыя міліцэйскімі кардонамі.
Адзін з арганізатараў акцыі Павал Севярынец так патлумачыў мэту яе правядзеньня:
(Севярынец: ) “Мы патрабуем ад уладаў, каб яны далі інфармацыю пра Юрася Корбана. Мы патрабуем праўды пра ўсіх зьніклых у Беларусі палітыкаў. Больш за тое, гэтая акцыя супала з прыездам у Беларусь Уладзімера Пуціна. У той час, калі зьнікалі беларускія палітыкі, Пуцін быў кіраўніком ФСБ. Я веру, што Пуцін ведаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, але зараз ён маўчыць. Таму гэта запыт для Пуціна”.
Актывіст БНФ зь Віцебску Юрась Корбан зьнік 20 студзеня 2002 году. Празь некалькі дзён ён патэлефанаваў маці і сказаў, што мусіў тэрмінова паехаць па справах у Менск. Больш маці яго ня бачыла. Гаворыць Ніна Корбан:
(Корбан: ) “Усё пакрыта таямніцай сьледзтва. Гэтая таямніца цягнецца ўжо год. Я лічу, што яны не зьбіраюцца шукаць майго сына. Можа быць, нехта ведае, дзе ён і што зь ім. Мне ніхто нічога не паведамляе. Я ў пракуратуру Беларусі зьвярталася, і ў віцебскую пракуратуру. У Менск часта ежджу. Але пакуль ніякіх вынікаў няма”.
Сярод арганізатараў гэтай акцыі была й жонка зніклага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда. Вось што яна сказала:
(Ганчар: ) “Хачу нагадаць і грамадзянам Беларусі, і Лукашэнку, і натуральна ж, спадару Пуціну, што ў нашай краіне існуе такая праблема. У мірны час, у цэнтры гораду зьнікаюць людзі. І ня простыя людзі, а апанэнты ўлады, апанэнты Лукашэнкі. Таму я вельмі спадзяюся, што нас пачуюць. І людзі, што жывуць у нашай краіне, павінны памятаць, што мы не павінны заставацца абыякавымі. Вось амаль чатыры гады таму гэта здарылася з маёй сям’ёй, год таму гэта здарылася зь сям’ёй Корбана. Гэты працэс працягваецца. На гэтую праблему трэба зьвяртаць увагу, інакш мы патонем у гэтым балоце”.
Удзельнікі акцыі з партрэтамі зьніклых расьцягнуліся ланцугом уздоўж праспэкту, і нейкі час стаялі моўчкі. Вось як рэагавалі звычайныя мінакі на правядзеньне гэтай акцыі:
(Спадарыня: ) “Відаць, акцыя за тых людзей, што згубіліся. Ніяк ня стаўлюся. Няхай міліцыя шукае”.
(Хлопец: ) “Гэта добра, што яны хочуць ведаць праўду, але ці даведаюцца яны яе? Ня ўпэўнены”.
Празь нейкі час удзельнікі акцыі накіраваліся да міліцэйскага кардону. Сваякі зьніклых патрабавалі, каб міліцыянты прапусьцілі іх да прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб перадаць Уладзімеру Пуціну адмысловы зварот, але безвынікова.
Пасьля дэманстранты накіраваліся да будынкаў тэлерадыёкампаніі й Дому друку, дзе перадалі прадстаўнікам шэрагу дзяржаўных СМІ зварот з заклікам гаварыць праўду пра зьніклых вядомых людзей.