Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СВАБОДА СЛОВА ПА-БЕЛАРУСКУ...”


Ул. інф.

Паводле Ніколь Матыс і Рамана Шыблі зь Цюрыхскай філіі Міжнароднай амністыі, зьяўленьне нячастых для беларускага інфармацыйнага поля крытычных публікацыяў супраць уладаў ёсьць свайго роду алібі для беларускай дзяржавы.

Такім чынам, сьцьвярджаць, што ў Беларусі няма незалежных журналістаў і мэдыяў, немагчыма. Аднак, з гледзішча дэмакратычнага грамадзтва, назваць інстытут беларускіх мэдыяў “чацьвертай уладай” з адпаведнымі кантрольнымі функцыямі таксама нельга, — пішуць на старонках цюрыхскай газэты “Wostotschnaja” швайцарскія праваабаронцы. Як вынікае з артыкулу, крытыка уласнага прэзыдэнта для беларускіх СМІ — табу. Калі журналісты ня хочуць непрыемнасьцяў, яны мусяць прытрымлівацца пэўных правілаў гульні. У тым выпадку, калі ж нейкае выданьне усё ж зьмесьціць крытычны артыкул, яна мусіць чакаць папярэджаньня з боку дзяржавы. Пасьля трэцяга папярэджаньня газэту могуць закрыць.

Тэарэтычна пацярпелы бок можа паспрабаваць аспрэчыць падобнае рашэньне праз суд. Аднак вынікі працэсу ўжо вызначаныя. Судзьдзі ў Беларусі прызначаюцца Лукашэнкам.

Паводле нямецкай “Westfaelische Rundschau”, сёньня беларускія ўлады менш за ўсё зацікаўленыя ў распаўсюджаньні альтэрнатыўнай інфармацыі непасрэдна ў правінцыі. Менавіта на вясковы электарат, які даведваецца пра жыцьцё праз падкантрольныя дзяржаве радыё і тэлебачаньне, рэжым разьлічвае больш за ўсё. У барацьбе зь незалежнымі СМІ дзяржава выкарыстоўвае шматлікія мэханізмы — адміністрацыйныя, эканамічныя, крымінальныя.

Карэспандэнты нямецкай тэлекампаніі “Westdeutscher Rundfunk” прысьвяцілі адзін са сваіх сюжэтаў лёсу рэдактара гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча, які падобна ягоным калегам Паўлу Мажэйку і Віктару Івашкевічу пазбаўлены волі за сваю прафэсійную дзейнасьць і адбывае пакараньне на гэтак званым “вольным пасяленьні”.

Нямецкія тэлевізійнікі паказваюць гледачам гэты “вольны прыстанак” у Асіповічах. Вонкава будынак інтэрнату нагадвае іншыя тыповыя забудовы гораду. Хіба што вокны на апошнім паверсе тут забітыя масіўнымі кратамі. Карэспандэнт “са схаванай камэрай” робіць здымкі непасрэдна ў будынку, на трэцім паверсе, дзе за вялікімі жалезнымі дзьвярыма ўтрымліваецца журналіст, прынамсі ноччу. Днём Мікола Маркевіч мусіць працаваць. Усе кошты — ад харчаваньня да электрычнасьці і ацяпленьня журналіст аплачвае сам.

Як іранізуюць аўтары рэпартажу, месцам прымусовай працы журналіста абраны раён з даволі высокімі паказчыкамі беспрацоўя. Уладкавацца рабочым на нейкае дзяржаўнае прадпрыемства ў Асіповічах, у зьвязку з масавымі звальненьнямі — немагчыма. Знайсьці працу па спэцыяльнасьці тым больш нерэальна, паводле палітычных прычынаў. Пашанцавала, што адна невялікая царква, чый пастар за ягоную неправаслаўную веру, дарэчы, праседзеў 12 гадоў у савецкіх лягерах, будуе свой храм.

Як паведамляе нямецкая тэлевізія, утрыманьне Міколы Маркевіча ў Асіповічах у любы момант можа пагоршыцца, тым часам журналіст сьведчыць пра тое, што не зьбіраецца маўчаць і тут. Шмат суайчыньнікаў слухаюць ягоныя нататкі па Радыё Свабода, пішуць яму лісты і нават дасылаюць невялікія ахвяраваньні. “Усё гэта сьведчыць пра бездапаможнасьць улады. Яна ніколі ня зробіць зь мяне раба”, — гаворыць у інтэрвію нямецкай тэлерадыёкампаніі “WDR” гарадзенскі журналіст Мікола Маркевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG