Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКАДЭМІК РАДЗІМ ГАРЭЦКІ МОЦНА ЗЬБІТЫ НЕВЯДОМЫМІ ХУЛІГАНАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Уначы Радзіму Гарэцкаму зрабілі апэрацыю. У выніку зьбіцця ў яго чэрапна-мазгавая траўма і пералом носа. Акрамя таго, у вядомага акадэміка вельмі зьбіты твар. Мэдыкі зафіксавалі мноства кровападцёкаў на нагах і руках. Высокі ціск пагаршае сытуацыю. Радзіму Гарэцкаму цяжка гаварыць. Разам зь ім у палаце знаходзіцца ягоная жонка Галіна. Вось што яна паведаміла Радыё Свабода:

(Гарэцкая: ) “Нейдзе а палове на восьмую вечара ён патэлефанаваў у дзьверы кватэры ўвесь у крыві. Яго пабілі каля першага пад’езда, а мы жывем у чацьвёртым. Там, я глядзела, і сёньня лужына крыві. Ён нічога не памятае… Толькі страшэнны ўдар па галаве. Ён страціў прытомнасьць. Навошта й потым трэба было яго зьбіваць?! Разьбілі твар, зламалі нос… У яго забралі ўсё, што было. Нават усе дакумэнты. Колькі ён прабудзе ў шпіталі невядома. У выходныя дні ў шпіталі толькі дзяжурныя ўрачы. У панядзелак будзе кансыліюм, тады нешта будзе вядома”.

Радзім Гарэцкі пацярпеў ад невядомых хуліганаў, калі вяртаўся зь першага паседжаньня Нацыянальнага арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні 85-х угодкаў БНР. На паседжаньні абралі старшыню аргкамітэту. Ім стаў прафэсар Анатоль Грыцкевіч. У Нацыянальны камітэт увайшлі вядомыя ў Беларусі асобы, сярод якіх Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс ды іншыя.

Упраўленьне сьледчага камітэту ў Савецкім раёне, дзе адбыўся разбойны напад, распачало крымінальную справу. Намесьнік начальніка сьледчага аддзелу Ігар Столяр паведаміў Радыё Свабода, што ня бачыць у нападзе на Радзіма Гарэцкага палітычнага матыву. Акадэмік стаў ахвярай невядомых хуліганаў, як і дзясяткі менчукоў, якія штодня трапляюць у шпіталі з рознымі траўмамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG