Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ГАДАВОЙ СПРАВАЗДАЧЫ ЭЎРАЗЬВЯЗУ, СТАН ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ ПАГОРШЫЎСЯ


Ул. інф.

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, Расеі, Украіне ды іншых постсавецкіх краінах — там, дзе, паводле аглядальніка нямецкай “Sueddeutsche Zeitung”, “Эўропа перастае быць Эўропай”, прааналізаваная гэтымі днямі ў Брусэлі Радай міністраў Эўразьвязу.

Як перадаюць нямецкiя “Deutschlandfunk” i “Deutsche Welle”, камэнтуючы штогадовую традыцыйную справаздачу Эўразьвязу, назіральнікі зыходзяцца ў адным: у той час, як ва Ўкраіне і Расеі сытуацыя з правамі чалавека ў параўнаньні з 2001 годам не палепшылася, у Беларусі яна істотна пагоршылася. Што да Беларусі, то найбольшую занепакоенасьць экпэртаў выклікаюць перасьлед апазыцыі, абмежаваньні свабоды слова, веравызнаньня, сходаў і мітынгаў.

Прыводзячы шматлікія факты, аглядальнікі спрабуюць адказаць на наступнае пытаньне: чаму такія прывабныя для адных постсавецкіх рэспублік і будучых сяброў Эўразьвязу заходнія каштоўнасьці зьяўляюцца непрыцягальнымі для іхных суседзяў — таксама былых рэспублік СССР?

Журналіст “Sueddeutsche Zeitung” Томас Урбан у сваіх нататках параўноўвае агульную атмасфэру ў гарадах Беларусі й Літвы: на адным баку мяжы пануе актыўнае палітычнае і культурнае жыцьцё, на другім — глыбокая апатыя. Як піша аглядальнік, пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя, галоўны адбітак на тэрыторыі цяперашніх Расеі, Украіны і Беларусі наклала канфрантацыя паміж праваслаўнымі славянафіламі й прыхільнікамі заходняга разьвіцьця.

Тое, што ў Беларусі Лукашэнкі (як, дарэчы, і ў Расеі Пуціна) верх узялі славянафілы, не выклікае сумневу. Адрозна ад суседняй Літвы, дзе зьмена ўлады зьвязаная зь дзейнасьцю шматлікіх інстытутаў і ўспрымаецца грамадзянамі як звычайная зьява, для Беларусі характэрная ўладная вэртыкаль. Што да кіраўніка краіны, то ён ўжо даўно выступае як дыктатар. У Беларусі ня могуць дзейнічаць незалежнаая прэса, рынкавая эканоміка, існаваць сацыяльныя гарантыі, кожны асобны грамадзянін ня мае шанцаў супрацьстаяць магутнай дзяржаве. Як піша выданьне, на парадку дня — брутальныя парушэньні правоў чалавека, якія ўсё больш рухаюць Беларусь у бок міжнароднай ізаляцыі.

Аглядальнікі не абмінаюць увагай і пазытыўных момантаў, якія прыводзяцца ў штогадовай справаздачы Эўразьвязу. Сярод іх — адкрыцьцё новай місіі АБСЭ ў Беларусі й гатовасьць Менску стварыць для супрацоўнікаў офісу ўсе неабходныя ўмовы для дзейнасьці.

Якая стратэгія ў дачыненьні да цяперашняга беларускага рэжыму ёсьць найбольш канструктыўнай? — такую тэму на старонках аўстрыйскай “Die Presse” уздымае журналіст Віланд Шнайдэр у размове зь міністрам замежных справаў Партугаліі Мартыньшам да Крушам.

Паводле міністра, палітычная лінія Партугаліі, якая летась старшынявала ў АБСЭ (а менавіта — стратэгія дыялёгу зь беларускім кіраўніцтвам), цалкам апраўдала сябе. Спадар да Круш ня згодны зь меркаваньнямі некаторых палітыкаў і назіральнікаў, што новы мандат місіі ёсьць пэўнай саступкай Захаду. “Паколькі такое рашэньне падтрымалі нават сьвядомыя крытыкі партугальскага шляху — ЗША і вялікія эўрапейскія дзяржавы, новы мандат ня можа быць дрэнным для АБСЭ”, — лічыць да Круш.

Паводле партугальскага міністра, ягоная краіна невыпадкова прадэманстравала іншым краінам Эўразьвязу, што ў дачыненьнях зь Менскам можна абыходзіцца і бязь візавых санкцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG