Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРОР ЛІБАНУ ПАЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ВАЕННЫ ГРУЗ ДЛЯ ІРАКУ Ў БЭЙРУТ ПРЫБЫЎ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Лібанская газэта “The Daily Star” паведаміла сёньня, што кантрабандны груз, які накіроўваўся ў Ірак, быў затрыманы яшчэ ўвечары 12 студзеня. Паводле лібанскай мытні, у двух кантэйнэрах нібыта было 240 сыстэмаў сувязі, а таксама 600 шоламаў і ўніформа танкістаў. “The Daily Star” піша, са спасылкай на крыніцы, блізкія да расьсьледаваньня, што Міністэрства замежных справаў Лібану ўжо даслала запыт у Інтэрпол, каб высьветліць паходжаньне кантрабанды. Аднак у бэйруцкі аэрапорт груз трапіў не зь Беларусі, як паведамлялася раней, але з Харватыі, цытуе газэта дзяржаўнага пракурора Лібану Аднана Адума.

Аднак сам спадар Адум назваў гэтую інфармацыю непраўдзівай.

(Адум: ) “Я сказаў, што мы маем вэрдыкт, датычна гэтых людзей, якія завезьлі сродкі сувязі, але мы не называлі краіну паходжаньня. Я ня маю інфармацыі па гэтым пытаньні”.

Яшчэ праз паўгадзіны спадар Адум атрымаў дадатковую інфармацыю з Ваеннага суду Лібану:

(Адум: ) “Так, гэтая рэч прыбыла зь Беларусі”.

Інфармацыю пра тое, што затрыманы ў аэрапорце Бэйруту вайсковы груз прыбыў зь Беларусі, першай распаўсюдзіла агенцыя навінаў Reuters. Карэспандэнт Reuters у Бэйруце Джозэф Логан кажа, што атрымаў гэтыя зьвесткі ад некалькіх крыніцаў у лібанскіх службах бясьпекі.

Аднак прэсавая сакратарка сужбы бясьпекі Лібану адмовілася камэнтаваць інфармацыю пра паходжаньне затрыманага грузу.

(Прэсавая сакратарка: ) “Ніхто ня можа даць вам ніякай інфармацыі пра гэта”.

“The Daily Star” піша, што груз з Бэйруту мусілі перавезьці ў Ірак па сушы пад выглядам харчоў, бо апошнім часам павялічыўся харчовы экспарт зь Лібану ў Ірак. Газэта таксама паведамляе, што дваіх затрыманых выпусьцілі пад заклад — прыкладна 80 тысяч даляраў ЗША на кожнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG