10 гадоў таму Беларусь таксама падпісала міжнародную канвэнцыю аб забароне гэтай зброі, аднак дагэтуль яе не ратыфікавала. Праблема ў тым, што пасьля ратыфікацыі Беларусь павінна была бы за 4 гады зьнішчыць усе запасы супрацьпяхотных мінаў, але ўлады сьцьвярджаюць, што на гэта няма грошай.
Беларусь займае 7-е месца ў сьвеце па запасах мінаў, якіх у яе сховішчах 4,5 мільёна. Зь іх больш за 3 мільёны — вадкасныя міны з пратэрмінаваным часам захоўваньня. Іх немагчыма зьнішчыць звычайнымі тэхналёгіямі, а толькі ў адмысловый плязмавай устаноўцы коштам да 5 мільёнаў даляраў. Беларусь магла бы аб’яднаць намаганьні дзеля набыцьця такой устаноўкі з Расеяй і Ўкраінай, але Расея не зьбіраецца адмаўляцца ад выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў з прычыны вайсковых дзеяньняў у Чачэніі ды іншых гарачых кропках.
“Нам застаецца толькі спадзявацца на фінансавую дапамогу заходніх краінаў”, — лічыць начальнік інжынэрных войскаў Беларусі палкоўнік Сяргей Лучына.