Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА І АБСЭ”


Ул. інф.

Як выглядае, Лукашэнка пайшоў на саступкі АБСЭ, прынамсі на часовыя, — піша Маркус Вэнэр. Зразумела, адна АБСЭ ніколі б ня здолела паўплываць на радыкальныя зьмены ў поглядах беларускага лідэра. Паводле заходніх дыпляматаў, зь якімі гутарыў нямецкі журналіст, для Лукашэнкі ўсё ж была нечаканай прадэманстраваная ў дачыненьні да яго салідарнасьць Эўразьвязу і ЗША. Увадначас усе дзьверы для Менску, за выключэньнем партугальскіх, зачыніліся. Гэты адзіны люк і скарыстаў беларускі міністар Хвастоў — дзеля таго, каб трапіць у Порта і правесьці там тэрміновыя перамовы адносна новай місіі АБСЭ.

Кажуць, што на перамены поглядаў Лукашэнкі, якія нярэдка суправаджаюцца скрыгатаньнем зубоў, паўплываў і расейскі лідэр Пуцін, — піша “Frankfurter Allgemeine”. У часе апошняй лістападаўскай сустрэчы ў Маскве менскі кіраўнік запэўніў крамлёўскага шэфа адносна сваёй гатовасьці да перамоваў з АБСЭ. Дарэчы, сам Пуцін, калі не працягнуў мандат місіі АБСЭ ў Чачэніі, атрымаў ад журналістаў і палітыкаў папрок, што “падобны на Лукашэнку”.

Паводле Маркуса Вэнэра, Лукашэнка, аднак, ня быў бы Лукашэнкам, калі б у часе перамоваў не выкарыстоўваў сваіх шматлікіх “але” ці “калі б”. Відавочна, беларускі лідэр усё яшчэ сумняецца, ці варта яму пагаджацца з кандыдатурай немца Эбэргарта Гайкена ў якасьці кіраўніка місіі АБСЭ. У той час, калі конкурс на пасаду кіраўніка новага офісу абвешчаны да 21 студзеня, Менск просіць, каб яму далі дадатковы час для роздуму і прапанавалі яшчэ аднаго кандыдата — магчыма, з Туркмэністану. Лукашэнка максымальна зацягвае час, каб кіраўнік місіі прыбыў у Беларусь дзе-небудзь пасьля 2 сакавіка, дня правядзеньня мясцовых выбараў.

Відавочна, у Менску добра разумеюць, што санкцыі Эўразьвязу і ЗША ня будуць зьнятыя да тае пары, пакуль місія не пачне дзейнічаць у поўным складзе. І паколькі Лукашэнка і ягоная каманда хочуць езьдзіць ня толькі ў Партугалію, дыпляматы АБСЭ не выключаюць, што беларуская кіраўніцтва ўсё ж у самыя блізкія дні адмовіцца ад падобнай тактыкі цяганіны.

У сваім артыкуле нямецкі журналіст Маркус Вэнэр уздымае і наступнае пытаньне: ці стала прыняцьце новага мандату пэўнымі саступкамі Захаду?

Строга кажучы, Лукашэнка, як і раней ня мае права кантролю над усімі праектамі АБСЭ ў Беларусі. Насуперак жаданьням афіцыйнага Менску, у супрацоўнікаў новага офісу захаваны дыпляматычны статус. Адрозна ад КНГ новы офіс, як і любая “палявая місія”, мусіць штогоду працягваць свой мандат, аднак галоўнай задачай па-ранейшаму застаецца падтрымка беларускага ўраду ў будаўніцтве дэмакратычных інтстытутаў, прававой дзяржавы дый у разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці.

Цяпер новая місія ня можа быць пасярэднікам паміж уладамі і апазыцыяй у часе прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў. Такія паўнамоцтвы згодна са стамбульскімі пагадненьнямі 1999 году мела КНГ. У выніку былому кіраўніку групы Гансу-Георгу Віку ўдалося аб’яднаць апазыцыю і выставіць на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата. Тым ня менш, у выніку сфальшаваных падлікаў Лукашэнка дамогся “элегантнай”, паводле ягоных словаў, перамогі.

Сапраўды, праца новай місіі АБСЭ ў Беларусі абяцае быць складанай, — сьцьвярджаюць у размове зь нямецкім журналістам дыпляматы АБСЭ. Аднак для заходняй дыпляматыі прынцыпова важна захаваць сваё прадстаўніцтва нават у такім праблемным рэгіёне. У любым выпадку, адкрыцьця новага офісу ў Беларусі, як і чаканага кроку ў адказ з боку Захаду — зьняцьця візавых санкцыяў — будзе недастаткова, каб вывесьці Беларусь зь міжнароднай ізаляцыі, — піша “Frankfurter Allgemeine”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG