Лінкі ўнівэрсальнага доступу

62 ЦЯГНІКІ СОЛІ НА МЕНСКІХ ВУЛІЦАХ: ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ?


Ганна Соусь, Менск

Беларускія дарогі пасыпаюць салігорскай сольлю, а дакладней — адкідамі зь “Беларуськалія”. Каля 300 тысяч тон солі штогод трапляе ўзімку на беларускія дарогі. У адным толькі Менску высыпаюць каля 50 тысяч тон. Толькі ў студзені ў сталіцу даставілі 62 цягнікі з сольлю. Каштуе “дарожная” соль няшмат, гэтым і тлумачыцца схільнасьць дарожнікаў менавіта да яе. Да таго ж беларусы прадаюць для гэтых мэтаў соль суседнім краінам — Польшчы, Літве й Латвіі.

Паводле начальніка ўпраўленьня ўтрыманьня дарожнай сеткі Камітэту аўтамабільных дарогаў Васіля Якаўлева, альтэрнатывы солі для ачысткі дарог пакуль няма.

(Якаўлеў: ) “Калі ніжэй за 15 градусаў, мы выкарыстоўваем і пясчана-солевыя сумесі, гэтаксама працуем з чыстымі солямі. Калі чыстая соль, то менш шкоды машынам, мэханізмам і навакольнаму асяродзьдзю. У Маскве выкарыстоўваюць вадкія рошчыны, але як паказвае практыка, гэта не ратуе ад шкоднага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Паўсюль пакуль выкарыстоўваюць соль і пясчана-солевыя сумесі — і ў Польшчы, і ў Літве, там, дзе аналягічны клімат, і іншых лепшых замяняльнікаў гэтых супрацьгалалёдных матэрыялаў у нас няма”.

У суседняй Расеі апошнія гады пачалі выкарыстоўваюць для ачысткі дарог хлёрысты кальцый. У Беларусі да гэтага пакуль не гатовыя, бо тады спатрэбіцца мяняць усю сыстэму зімовага дагляду дарог. Хлёрысты кальцый ужываюць вадкім, а гэта патрабуе адмысловых мэханізмаў і ёмістасьцяў для захоўваньня. Да таго ж, каштуе ён значна даражэй за мясцовую соль.

Якія наступствы мае штогадовае выкарыстаньне солі для чысткі дарог ад сьнегу? Найперш ад гэтага церпяць аўтамабілісты, якім камунальныя службы ніколі не кампэнсавалі стратаў ад карозіі аўтамабіляў. Дарэчы, у Канадзе, дзе гэтаксама ўзімку выкарыстоўваюць соль, усім машынам, якія ідуць на продаж, робяць дадатковае антыкаразійнае пакрыцьцё.

Але найбольш ад шматгадовага выкарыстаньня солі церпіць навакольнае асяродзьдзе. Гаворыць навуковы супрацоўнік Інстутуту праблемаў выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі Акадэміі навук Ігар Самсоненка:

(Самсоненка: ) “Гэта доўгатэрміновы працэс зьмяненьня хімічнага складу й дэградацыі гарадзкіх экасыстэмаў. Дрэнныя наступствы перш за ўсё для расьлінаў. Тыя глебы, што церпяць, ужо не зьяўляюцца натуральнымі экасыстэмамі, яны ў вялікай ступені трансфармаваліся і сталі ўрбазёмамі. Глебавая фаўна ў значнай ступені дэградавала й працягвае цярпець. У больш разьвітых краінах ужо распрацаваныя іншыя тэхналёгіі — апрацоўка нейкімі рэагентамі, раскідваньне не пяску, а жвіру ды іншых сумесяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG