Генэралу Галтыеры інкрымінаваліся дакладна даказаныя катаваньні і забойствы 20 левых паўстанцаў. Аднак маштабы злачынстваў былі значна шырэйшымі, падчас дыктатуры ў Аргенціне зьнікла 9 тысячаў апанэнтаў рэжыму, праваабарончыя арганізацыі гавораць пра 30 тысячаў зьніклых. Людзей скідалі з самалётаў у мора, забівалі і хавалі ў сакрэтных магілах, якія ня знойдзеныя дагэтуль. Дыктатарскі рэжым практыкаваў выкраданьне дзяцей у сем’ях іншадумцаў.
Менавіта генэрал Галтыеры разьвязаў вайну зь Велікабрытаніяй за Фалклендскія выспы. Параза ў гэтай вайне прывяла да падзеньня дыктатуры. Галтыеры за няздольнасьць перамагчы апынуўся у турме, потым быў амніставаны. Аднак летась крымінальны перасьлед дыктатара аднавіўся, ужо за парушэньні правоў чалавека.
Учора генэрал Галтыеры паўстаў перад вышэйшым, Боскім судом. 41 ягоны падзельнік чакае людзкога суду за зьнікненьні людзей, зьдзейсненыя з 1976 па 1983 гады.