Рабочая група ў справе стварэньня ініцыятывы паўстала яшчэ некалькі тыдняў таму. Цягам гэтага часу да яе далучыліся ня толькі родныя Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, але й актывісты грамадзкіх ды праваабарончых арганізацыяў, а таксама апазыцыйных партыяў. Пра тое, дзеля чаго спатрэбілася новая ініцыятыва, распавядае жонка Віктара Ганчара Зінаіда:
(Ганчар: ) “Я ведаю, што АГП у гэтым кірунку зрабіла вельмі шмат. Але, пагаварыўшы зь лідэрамі іншых партыяў, я прыйшла да высновы, што калі гэтыя ініцыятывы будуць зыходзіць непасрэдна ад жонак скрадзеных, гэта дасьць большы эфэкт. Стане магчымым прыцягваць палітычныя рэсурсы іншых партыяў. Бо да акцыяў АГП не заўсёды хочуць далучацца іншыя.
Таму я выступіла з прапановай аб’яднацца. Тады можа гэта дасьць магчымасьць больш эфэктыўна працаваць. Бо зьбіраемся пачаць збор подпісаў беларускіх грамадзянаў з патрабаваньнем да Лукашэнкі весьці расьсьледаваньне больш эфэктыўна. І натуральна сіламі адной партыі ці якой адной структуры гэта будзе зрабіць вельмі цяжка”.
Рабочая група ініцыятывы зьбіраецца правесьці 20 студзеня ў Менску вулічную акцыю, прысьвечанаю гадавіне зьнікненьня актывіста БНФ зь Віцебску Юрася Корбана. Зінаіда Ганчар працягвае:
(Ганчар: ) “Лёс маладога чалавека нам невядомы. Гэта быў актывіст БНФ. І мы павінны ведаць на самой справе: гэта зьнікненьне гвалтоўнае, ці што-небудзь іншае. Мы проста ня маем права маўчаць. Гаворачы аб іншых, мы забыліся пра зусім маладога чалавека. Я ведаю, што яго шукае маці. Сьледзтва павінна працягвацца пры любых акалічнасьцях”.
Пра дакладны фармат акцыі й час яе правядзеньня стане вядома пазьней.