Пікет, які адбыўся 11 студзеня апоўдні каля кінатэатру “Перамога” ў Воршы, ладзілі тамтэйшыя сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Каб давесьці землякам пазыцыю сваёй партыі адносна будучых мясцовых выбараў, цэнтральным лёзунгам пікету сталася наступнае выслоўе: “Ніякіх выбараў без магчымасьці выбіраць!”
Як высьветлілася, ня ўсе гараджане пагаджаюцца з тым, што будучыя выбары ў мясцовыя саветы трэба ігнараваць. Але абсалютная бальшыня наведнікаў пікету выказала згоду зь іншымі апазыцыйнымі лёзунгамі: “Лукашэнка — гэта заплянаванае зьбядненьне” ды “Лукашызм зьнішчае Беларусь”.
На працягу дзьвюх дазволеных гадзінаў пікетоўцы зносіліся з наведнікамі пад пільным назіраньнем пяці міліцыянтаў. Такое было распараджэньне аршанскага гарвыканкаму. Дарэчы, атрыманьне ад гэтай установы дазволу на правядзеньне пікетаў ператвараецца ў вельмі няпростую працэдуру.
Так, напярэдадні гэтага пікету ягоныя ініцыятары так і не атрымалі пісьмовага адказу на сваю заяву ў прадугледжаны заканадаўствам тэрмін. Таму сябру партыі Юрыю Конышку давялося нагадваць чыноўнікам пра належны парадак атрыманьня дазволу. Загадчыца аддзелу інфармацыі Сьвятлана Дзямешка патлумачыла яму, што падставаў дзеля адмовы няма, аднак пэўныя сумненьні ўзьніклі ў дарадцы старшыні гарвыканкаму Валянціны Сідняковай. Як высьветлілася, сумненьні тычыліся месца прапіскі заяўнікаў, і з тае нагоды заяўніцы Яўгеніі Казловай давялося асабіста прад’яўляць у гарвыканкаме пашпарт, каб засьведчыць, што яна ніякім чынам не парушае пашпартны рэжым.
Распавядаючы пра гэтае здарэньне, удзельнікі акцыі зазначылі, што перасталі дзівіцца невытлмачальным паводзінам гарадзкіх уладаў яшчэ мінулым разам, калі іх прымусілі заплаціць прадпрыемству “Арыён” за прыборку тэрыторыі пасьля пікетаваньня. Яны лічаць, што, не знаходзячы ніякіх законных падставаў дзеля забароны, дзяржаўныя чыноўнікі заняліся стварэньнем штучных перашкодаў правядзеньню апазыцыйных акцыяў.