Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЗНАЦЬ ПРЫСУТНАСЬЦЬ БОГА Ў ГЭТЫМ СЬВЕЦЕ?


Сяргей Абламейка, Прага

Адзін з апошніх нумароў чэскага штотыднёвіка Katolicky tydenik надрукаваў ліст чытача, які рэагаваў на адзін з артыкулаў новага Катэхізму, выдадзенага біскупскай канфэрэнцыяй Нямеччыны. Артыкул той называецца “Бог ёсьць таямніца”. Чытач пытаўся, ці можна з Богам яшчэ ў гэтым жыцьці спаткацца, і як Бог людзям зьяўляецца?

Адказвалі чытачу некалькі чалавек, і ўсе па-рознаму. Адказы былі традыцыйныя і не. Некаторыя, напрыклад, пісалі, што, вядома, Бог людзям зьяўляецца ў малітве, у Літургіі, у любові бліжніх.

І вось тут у кожнага чалавека, калі гэта толькі не глыбокі і спрактыкаваны вернік, можа паўстаць пытаньне – а ці сапраўды гэта так? У Бібліі напісана, што калі Майсей сустракаўся з Богам, дык у яго пасьля заўсёды сьвяціўся твар, і людзі вакол пазнавалі гэта. Калі апосталы Пётар, Якуб і Ян былі з Хрыстом на гары, і ім ў выглядзе воблака зьявіўся Бог Айцец і загаварыў да іх, яны аглушаныя паваліліся на зямлю. Іншымі словамі, біблейскія зьяўленьні Бога былі пазнавальныя. І зразумела, што той чэскі чытач паставіў як б два пытаньні – ці сапраўды існуе Бог і як можна пазнаць яго прысутнасьць паміж нас?

Вось пра гэта я і прапанаваў пагаварыць удзельнікам сёньняшняй перадачы. Першым гаворыць праваслаўны багаслоў, выкладчык Эўрапейскага Гуманітарнага ўнівэрсытэту айцец Сяргей Гардун.

(Гардун: ) “За дзьвюхтысячагадовую гісторыю хрысьціянства царкоўныя багасловы, філёзафы, спрабавалі асэнсаваць існаваньне Бога з тэарытычнага погляду. На што можна было б найперш зьвярнуць увагу, гэта вядомы доказ Канта, калі ён кажа, што існаваньне ў душы чалавечага сумленьня, маральнага закону ня можа быць даказана ніяк, як толькі існаваньнем Бога. Тое, што ў чалавеку ёсьць унутраная свабода, што чалавек мае права выбару, што ён у адрозьненьне ад іншых жывых істотаў можа не падпарадкавацца абставінам, а вольна выбірае як сябе паводзіць – гэта адзін з такіх доказаў існаваньня Бога. Само існаваньне парадку і гармоніі ў сьвеце, звычайна, ня толькі багасловы, але й вучоныя (Лаплас, Капэрнік) казалі пра прыгажосьць, гармонію сьвету і бачылі ў гэтым мудрасьць, што сам па сабе сьвет ня можа такім быць без вышэйшага розуму. Як ёсьць такое параўнаньне: калі літары альфабэту кінуць у беспарадку, то зь іх ня можа скласьціся паэма. Так і з паасобных прыродных элемэнтаў ня мог бы зьявіцца сьвет. Многа ёсьць такіх разважаньняў".

Як бачым, айцец Сяргей Гардун больш увагі зьвярнуў на доказы існаваньня Бога. Чалавек, сказаў айцец Сяргей Гардун, або верыць і не пытаецца, або ня верыць і сумняецца. І сапраўды, як ён сказаў, філёзаф Кант лічыў існаваньне сумленьня ў чалавека як унутранага маральнага закону доказам існаваньня Стваральніка. Падобнай думкі, дарэчы, трымаўся і славуты матэматык і філёзаф Паскаль. Наогул, большасьць сусьветнавядомых навукоўцаў былі веруючымі людзьмі. Іхнія выказваньні аб Богу нават сабраныя выдатным беларускім грэка-каталіцкім сьвятаром ХХ стагодзьдзя архімандрытам Лявом Гаршкам у кнігу пра навуковыя доказы існаваньня Бога. А айцец Сяргей Гардун і нашую ўнутраную свабоду і магчымасьць выбару ўважае доказам існаваньня Стваральніка.

А вось як на гэтае пытаньне адказвае пробашч каталіцкай парафіі ў Ракаве айцец Анатоль Парахневіч.

(Парахневіч: ) "Верніку не патрэбныю істотныя доказы існаваньня Бога. Людзі, што сумняюцца, хочуць нейкіх яўных цудаў. Пэўна ж ня будзе так, што Сын Божы сыйдзе з крыжа, атуліць такога чалавека і скажа: "Вось бачыш – я сапраўды Сын Божы, й ты павер, што Бог Айцец існуе, а Сьвяты Дух цябе асьвячае". Такога быць ня можа. Вельмі цяжка нам знайсьці навуковыя доказы існаваньня Бога Айца. Але тое, што Ісус Хрыстос існаваў, што былі апосталы, ёсьць гэтаму шмат доказаў. Але, ідзе такая размова й дыскусія, пра тое ці быў ён толькі чалавек, ці й чалавек, і Бог. І навука заўсёды зьвяртаецца да гэтай праблемы. Адныя – за, іншыя – супраць, і гэта звычайна, бо людзі па-рознам ставяцца да адной і той рэчы. Адныя вераць, і ім дастаткова таго, што яны ў сваім жыцьці адчуваюць на кожным кроку прысутнасьць Бога. Як нядобра, то мы тады ўспамінаем Бога. І найчасьцей мы яго лаем – чаму ён зрабіў так, і чаму нам так цяжка? А вось калі ў нашым жыцьці ўсё добра, мы пра Яго забываемся. Гэта такая чалавечая натура. Але вернік у цішы ды пакоры памоліцца, і заўсёды будзе жыць з гэтай малітвай. І такое жыцьцё павінна быць".

Як бачым, ксёндз Анатоль Парахневіч трымаецца падобнай з айцом Сяргеем Гардуном думкі. Некаторым вернікам не патрэбныя доказы, сказаў ён. І гэта слушна, бо і катэхізм называе веру надпрыродным дарам, які дадзены людзям нябёсамі, і заклікае вернікаў верыць безумоўна, не шукаючы доказаў існаваньня Бога. Ксёндз Анатоль Парахневіч таксама сказаў, што на практыцы вельмі заўважальная наступная дыфэрэнцыяцыя: калі ў чалавека ўсё добра, ён не шукае кантакту з Богам, а калі кепска – чалавек пра Бога ўспамінае ды яшчэ пачынае злавацца, ня маючы дапамогі і падтрымкі. І вось тут якраз ксёндз Анатоль Парахневіч закрануў як бы другі бок нашай сёньняшняй тэмы – а менавіта прысутнасьць Бога ў нашым жыцьці. Як пазнаць, што Бог побач, што ён чуе нас і гаворыць да нас?

На гэтае пытаньне я прашу адказаць пастара менскай пяцідзесятніцкай царквы Віфанія Леаніда Бірука.

(Бірук: ) “Калі гаварыць пра прысутнасьць Бога, дык, па-першае, гэта даволі філязофскае пытаньне, і, адразу скажу, суб’ектыўнае. Як вядома, эвангельскія хрысьціяне інтэрпрэтуюць Сьвятое Пісаньне кожны сам, бо маюць такое права. Калі ж гаварыць пра самое пытаньне Божай прысутнасьці, дык тут даволі цяжка гаварыць, бо гэта рыса, якая належыць Богу, а трэба апісаць яе чалавечымі словамі. Прысутнасьць Бога – гэта магчымасьць чалавека адчуваць Бога або пачуцьцямі сваімі, або розумам, або сэрцам, магчымасьць размаўляць з Богам. Калі мы молімся, гэта пераважна маналёг і гэта цяжка назваць размовай. Мы зьвяртаемся да Бога і ня чуем, што Бог гаворыць нам. А прысутнасьць Божая, гэта магчымасьць ня толькі гаварыць да Яго, але і слухаць, што Ён гаворыць. Я таксама думаю, што прысутнасьць Божая – гэта магчымасьць чаканьня Божага цуда ці адчуваньне цуда. Гэта тое, што мы таксама называем Божай Ласкай. Я веру, што чалавек можа адчуваць прысутнасьць Божую. Пачуцьцё чалавека можа быць на баку чалавека, а можа быць і супраць яго. Напрыклад, калі чалавек перажывае адчай. Але калі Бог прысутны побач з чалавекам, дык гэтае пачуцьцё робіцца супрацьлеглым – адчуваньне бяды і роспач ператвараюцца ў пачуцьцё радасьці і шчасьця. І гэта мяняе чалавека”.

Леанід Бірук, як вы чулі, уважае пытаньне прысутнасьці Бога ў нашым жыцьці суб’ектыўным. Прысутнасьць Бога сярод людзей ён называе Боскай справай, якую вельмі цяжка патлумачыць чалавечай моваю. Наогул жа пастар Леанід Бірук гэтую прысутнасьць разумее як магчымасьць верніка адчуваць Бога, разумець Яго розумам ці сэрцам, і нават размаўляць зь Ім. Доказам прысутнасьці Бога побач з намі ён таксама назваў цуды, якія даволі часта здараюцца ў жыцьці вернікаў. І тады адчай зьмяняецца на захапленьне.

А скончу я сёньняшнюю перадачу развагамі чэскай каталіцкай публіцысткі Мірэйі Рышковай. Адказваючы таму чытачу, пра якога гаворка ішла ў пачатку перадачы, яна піша, што людзі часта намагаюцца зрабіць з Бога бажка. Людзі прагнуць мець у Богу падтрымку і не заўважаюць, як пачынаюць прагнуць перакласьці на Яго і ўсю адказнасьць за сябе, заўсёды патрабуюць ад Яго, каб Ён быў побач, як бы памочнікам на ўсялякую патрэбу. І на шчасьце, піша Мірэйя Рышкова, гэта не спрацоўвае. Бог – не бажок, якім можна маніпуляваць. Чым больш мы стараемся ўзяць Яго пад кантроль, тым менш нам гэта ўдаецца. І наадварот, піша Мірэйя Рышкова, чым больш паўнавартасна мы пражываем сваё ўласнае жыцьцё, у любові і дабрыні, тым больш Бог адкрываецца нам у самых нечаканых абставінах. Бога сапраўды можна спаткаць, піша чэская каталіцкая публіцыстка, аднак пазнаць Яго можа толькі пакорнае і ўважлівае вока веры, адкрытае да надзеі і любові сэрца і шчодрая да іншых рука. У гэтым выпадку Бог ня толькі адкрываецца нам, заканчвае свой артыкул Мірэйя Рышкова, але і праз нас, пры дапамозе нас Ён прысутны ў гэтым сьвеце. Ад саміх вернікаў залежыць, каб і няверуючыя пазналі, што Бог сапраўды сярод людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG