Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎНОЧНАЯ КАРЭЯ ВЫЙШЛА З ДАМОВЫ ПРА НЕРАСПАЎСЮДЖАНЬНЕ ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Мы абвяшчаем, што тэрмінова пакідаем дамову пра нераспаўсюджаньне ядзернай зброі, на такі тэрмін, які будзе нам патрэбны”, – абвесьціла сёньня афіцыйнае паўночнакарэйскае агенцтва навінаў.

Неўзабаве пасьля гэтай заявы пасол Пхеньяну ў Кітаі заявіў, што Паўночная Карэя можа перагледзець сваю пастанову пра выхад з Дамовы, калі міжнародны кансорцыюм на чале са Злучанымі Штатамі ўзновіць пастаўкі паліва ў краіну. У свой час Пхеньян адмовіўся ад ядзернай праграмы ў абмен на гэтыя пастаўкі.

Тым часам намеры Паўночнай Карэі выйсьці з Дамовы пра нераспаўсюджаньне ядзернай зброі выклікалі заклапочанасьць у ейных рэгіянальных суседзяў і вядучых дзяржаваў сьвету.

Прэм'ер-міністар Японіі Дзюньіціра Каідзумі, які цяпер візытуе ў Расеі, запатрабаваў ад КНДР адмовіцца ад выхаду з дамовы пра нераспаўсюджаньне, а прадстаўнік японскага ўраду заявіў, што пастанова Пхеньяну выклікае пачуцьцё шкадаваньня, і яе трэба тэрмінова адклікаць.

Кітай – самы блізкі й самы адданы саюзьнік Паўночнай Карэі выказаў “сур'ёзную заклапочанасьць” дзеяньнямі КНДР, а ўлады Аўстраліі заявілі пра гатовасьць адправіць у наступным тыдні ў Пхеньян высокую дэлегацыю, каб тая паспрабавала разьвязаць пытаньне вакол паўночнакарэйскай ядзернай праграмы.

Францыя лічыць, што прыйшоў час выносіць пытаньне пра ядзерную праграму КНДР на разгляд Рады Бясьпекі ААН.

Прэзыдэнт Паўдзённай Карэі Кім Дэ Чжун, які ў хуткім часе пакіне сваю пасаду, заявіў, што пастанова Пхеньяну пра выхад з дамовы пра нераспаўсюджаньне пацягнула за сабой паглыбленьне крызысу. Між тым, новы абраны прэзыдэнт Но Му Хэн прызначыў свайго адмысловага прадстаўніка ў ЗША ў пытаньні ядзернай праграмы КНДР і разглядае магчымасьць адпраўкі ў Пхеньян міністра ў пытаньнях уніфікацыі ў рангу адмысловага пасланьніка.

Нацыянальная рада бясьпекі Паўдзённай Карэі праводзіць надзвычайную нараду. У заяве ўладнай партыі краіны сказана: “Урад Паўдзённай Карэі павінен неадкладна высьветліць чаго хоча Поўнач, а затым пачаць пошукі шляхоў разьвязаньня крызысу ў дыскусіях са Злучанымі Штатамі, Японіяй, Кітаем, Расеяй і Эўразьвязам”.

Дарэчы, расейскае міністэрства замежных справаў заявіла, што выхад КНДР з Дамовы можа толькі абвастрыць і без таго напружаную сытуацыю вакол Карэйскай паўвыспы, а таксама прынесьці істотныя страты ўнівэрсальным міжнародна-прававым інструмэнтам забесьпячэньня глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі.

Паведамленьне пра выхад Пхеньяну з Дамовы прыйшло неўзабаве пасьля таго, як КНДР пагадзілася на неафіцыйныя перамовы з прадстаўнікамі ЗША ў пытаньнях ейнай ядзернай праграмы. Два паўночнакарэйскія дыпляматы ўжо сустрэліся з былым прадстаўніком Злучаных Штатаў у ААН Білам Рычардсанам. Сустрэча прайшла ў штаце Нью-Мэксыка. Чакаецца, што сёньня перамовы будуць працягвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG