Намесьнік галоўнага лекара гарадзкога цэнтру гігіены Сяргей Асмалоўскі распавёў, што кампутарныя клясы былі апошнім часам пад пільнай увагай. Санслужба мае прэтэнзіі да іх перш за ўсё з прычыны высокага электрамагнітнага поля і высокага электрастатычнага напружаньня, якія зыходзяць ад кампутараў. З гэтай прычыны і зачыняюцца кампутарныя клясы, як не адпаведныя санітарным нормам.
Дырэктар сярэдняй школы №25 Уладзімер Берасьцень, дзе санстанцыя таксама прызнала кампутары шкоднымі для здароўя, паведаміў нашаму радыё.
(Берасьцень: ) “Яны маральна састарэлыя. Гэта кампутары “Карвэты”. Я ўжо 15 гадоў у школе, а яны стаялі яшчэ да мяне. Маімі сіламі нельга нічога зрабіць”, — кажа дырэктар.
Чатыры гады таму ў абласным цэнтры прынялі адмысловую праграму пашырэньня кампутарных ведаў сярод школьнікаў. Прадугледжвалася ў школах і абнаўленьне кабінэтаў інфарматыкі. Аднак за 2001 і 2002 гады школы набылі толькі два малакамплектныя кабінэты інфарматыкі. На большае няма сродкаў.
Бацькі школьнікаў таксама ня ў стане аплаціць кампутарную тэхніку, бо абсталяваньне толькі адной клясы інфарматыкі каштуе каля 10 мільёнаў рублёў.
У сувязі з праверкай кампутарных клясаў санслужбай гарадзкі аддзел адукацыі распарадзіўся перавесьці клясы з найбольш састарэлымі кампутарамі на скарочаны рэжым працы. Іначай навучаньне школьнікаў інфарматыцы трэба было наагул спыніць.