Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКОЛУ-САДОК ДЛЯ АНКАЛЯГІЧНА ХВОРЫХ ДЗЯЦЕЙ УЛАДЫ ПАКІНУЛІ НА ВОЛЮ ЛЁСУ


Галіна Абакунчык, Менск

Сёлета школе-садку для анкалягічна хворых дзяцей спаўняецца 10 гадоў. З часу адкрыцьця тут не было ніводнага рамонту, а ўсё начыньне — спальнае й школьнае абсталяваньне, рыштунак і нават цацкі ў 1993 годзе падаравалі дабрачынныя замежныя арганізацыі. Цяпер гэта ўсё патрабуе тэрміновага аднаўленьня, але ранейшыя сувязі амаль згубленыя. Штосьці сваімі рукамі й за ўласныя грошы робяць бацькі хворых дзяцей. Улады ж не зважаюць ні на матэрыяльныя, ні нават на маральныя патрэбы хворых.

Гаворыць настаўніца школы-садка й маці хворай дзяўчынкі Тацяна Камзолава:

(Камзолава: ) “Хацелася бы, каб на нас зьвярнулі ўвагу ўлады: каб прыйшлі паглядзелі. Таму што яны застаюцца ўбаку. Мы самі сваімі рукамі нешта робім, а з боку кіраўніцтва ніякай дапамогі мы ня бачылі. На сьвята да Лукашэнкі нашых дзяцей не запрашалі, ад царквы сьвята — таксама. Нашых дзяцей не відаць нідзе, нікуды нас не запрашаюць”.

Садок і школа для вучняў пачатковых клясаў — адзіная ў Беларусі й разьлічаная толькі на 80 месцаў. З кожным годам колькасьць ахвотных патрапіць сюды не зьмяншаецца, і ўсе гэтыя дзеці афіцыйна прызнаныя ахвярамі чарнобыльскай аварыі. Аднак на нейкую асаблівую дапамогу ўладныя чыноўнікі раяць не разьлічваць і прапаноўваюць зарабляць самім. Дырэктар Тацяна Шчаглова кажа, што гэта немагчыма, і яна перакананая, што на падобныя ўстановы дзяржава здольная й павінна выдаткаваць грошы. Гаворыць Тацяна Шчаглова:

(Шчаглова: ) “У нас жа ёсьць “Дзеці-інваліды”, “Дзеці Чарнобылю”, “Дзеці-сіроты” — дзе грошы гэтых праграмаў, куды яны ідуць? Я гэтае пытаньне ў выканкаме задавала некалькі разоў, мне ніхто не адказаў. А сумы называюцца вялікія, і ў бюджэце гэтыя сумы закладваюцца штогоду”.

Настаўнікі й бацькі менскай школы-садка №270 цяпер спрабуюць знайсьці дапамогу і паразуменьне ў айчынных і замежных дабрачынных арганізацыяў. Дзеля гэтага бацькі нават стварылі ў Інтэрнэце адмысловы сайт. Аднак ці прыходзяць на іх адрас нейкія паведамленьні, у школцы ня ведаюць, бо кампутара тут ніколі не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG