Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГОМСЕЛЬМАШ” НЯ ХОЧА ПЛАЦІЦЬ ЦЭНТРАЛЬНЫМ ПРАФСАЮЗАМ


Казімер Яноўскі, Гомель

Падобныя прэтэнзіі да спадара Бухвостава сталі гучаць з прыходам ў Беларускую фэдэрацыю прафсаюзаў Леаніда Козіка. Але аснова іх — у самастойнай і незалежнай пазыцыі лідэра прафсаюзу аўтасельгасмашу.

Акурат гэтую сваю пазыцыю Аляксандар Бухвостаў і тлумачыў на сустрэчах з прафсаюзнымі актывістамі “Гомсельмашу”. Паводле ягонага меркаваньня, эканамічныя і сацыяльныя правы рабочых адстойваць цяпер усё складаней. Фінансавыя магчымасьці прадпрыемстваў зьніжаюцца. Гэта вынік эканамічнай палітыкі дзяржавы.

Фэдэрацыя прафсаюзаў і яе новы кіраўнік не жадаюць, каб прафсаюзы нейкім чынам уплывалі на эканамічную палітыку. У іх, маўляў, ёсьць свая планка, на якую і трэба раўняцца. Дайшло да таго, як сказаў Бухвостаў, што ў праект новага генэральнага пагадненьня прафсаюзаў, наймальнікаў і ўлады не ўключылі нават пункт выплаты кампэнсацыяў рабочым за страту здароўя на вытворчасьці.

Варта сказаць, што прафсаюзных актывістаў галаўнога заводу аб’яднаньня “Гомсельмаш” у большай ступені цікавіў уласны ўзровень заробку. Яны не пагадзіліся адлічаць прафсаюзнай радзе аўтасельгасмашу больш за 10% прафсаюзных складак.

Асобныя актывісты высьвятлялі ў Бухвостава, чаму на пленум прафсаюзу аўтасельгасмашу не пускалі старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка.

Кіраўнік прафкаму “Гомсельмашу” Пётар Ахраменка наагул заявіў:

(Ахраменка: ) “Калі мы палезем у палітыку, нас раздушаць”.

Ёсьць у яго і канкрэтныя прэтэнзіі да Аляксандра Бухвостава:

(Ахраменка: ) “Мяркую, што Аляксандар Іванавіч настолькі заняўся палітыкай, што ў яго не засталося часу займацца чыста прафсаюзнай працай. Хочам, каб Аляксандар Бухвостаў скарэктаваў сваю пазыцыю”.

Старшыня цэхавага камітэту, майстар Міхаіл Трацякоў так глядзіць на сёньняшнія прафсаюзы:

(Трацякоў: ) “Сёньня прафсаюз рэспублікі пад адным крылом прэзыдэнта — гэта не прафсаюз абароны працоўных. На мой погляд, прафсаюз павінен абараняць працоўныя калектывы. Мы ня бачым сваёй абароны з боку кіраўніцтва вышэйшых прафсаюзаў, мы яе ня бачым”.

Улічваючы розныя погляды, Аляксандар Бухвостаў заявіў пра гатоўнасьць правесьці дыскусію пра ролю прафсаюзаў у цяперашнім жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG