Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЗІЦЯЧЫ ГОСЬПІС ПАД ПАГРОЗАЙ ЗАКРЫЦЬЦЯ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле адмысловага прэзыдэнцкага ўказу, прынятага пры канцы мінулага году, сёлета ад арэнднай платы вызваленыя толькі піянэрскія, камсамольскія і спартовыя моладзевыя арганізацыі. Дабрачынныя грамадзкія ўстановы для хворых дзяцей у гэты сьпіс не патрапілі.

Ад 13 студзеня адзіны ў Беларусі госьпіс для невылечна хворых дзяцей мусіць плаціць 2 тысячы эўра штомесячнай арэнды за некалькі пакояў у будынку дзіцячага садка. Дырэктар Ганна Гарчакова лічыць гэта непаразуменьнем, аднак вырашыць праблему з уладамі пакуль не ўдаецца. Гаворыць Ганна Гарчакова:

(Гарчакова: ) “Мы выключна дабрачынная арганізацыя, мы не займаемся камэрцыяй — адкуль нам браць гэтыя грошы? Мы зьвярнуліся да гарадзкіх уладаў, нам адказалі: нічым ня можам дапамагчы, бо ня маем права ўсталёўваць індывідуальныя льготы. Мы напісалі і ў Нацыянальны сход, усюды — адказу няма”.

Беларускі дзіцячы госьпіс існуе ў Беларусі ад 1994 году і дапамагае ня толькі дзецям-інвалідам, але й іх бацькам. Найперш гэта мэдычная дапамога, а таксама псыхалягічная і матэрыяльная. Гэта кругласутачны стацыянар для цяжка хворых і дзённы для астатніх малых і дарослых. Для бацькоў у госьпісе арганізаваныя клюбы, а для дзяцей-інвалідаў — гэта адзінае месца, дзе яны адчуваюць сябе роўнымі. Гаворыць Алена Астравухава, маці 15-гадовага ВІЧ-інфікаванага:

(Астравухава: ) “Маё дзіця нікому не патрэбнае акрамя маёй сям’і, нам не дазваляюць у паліклініку, у школу хадзіць. Нас у ніводную лякарню ня хочуць браць з такім дыягназам. Гэта адзінае месца, дзе ён адчувае, што некаму патрэбны”.

Цяпер у госьпісе працуюць 20 чалавек: мэдыкі, псыхолягі, санітаркі. Яны абслугоўваюць 53 сям’і, прычым выяжджаюць да хворых у любы час сутак. Калі пытаньне арэнды ня будзе вырашанае, то пэрсаналу давядзецца шукаць новае месца працы, а сем’і застануцца без апошняй надзейнай падтрымкі — кажа маці 6-гадовага паралізаванага хлопчыка Яніна Кунцэвіч:

(Кунцэвіч:) “У 2001 годзе мэдыцына нас перадала госьпісу, бо ў паліклініцы сказалі: мы ня ведаем, што з вамі рабіць. Тут, па-першае, дапамагаюць мэдыкамэнтамі, а па-другое — гэта наш другі дом. І калі мы пазбавімся госьпісу, то мы пазбавімся ўсяго, бо мы кінутыя на волю лёсу. Я думаю, што каб вырашыць праблему арэнды, чаму б дзяржаве не падараваць гэты будынак дзецям. Бібліятэку ж будуем усенародную”.

Лекары й пацыенты Беларускага дзіцячага госьпісу накіравалі Лукашэнку й высокапастаўленым чыноўнікам ліст з просьбай вырашыць праблему арэнды. Адказу яны пакуль не атрымалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG