Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСЕЛЬНIЦТВА АНГЛII ПАПЯРЭДЖАНАЕ ПРА МАГЧЫМАСЬЦЬ ТЭРАРЫСТЫЧНАГА НАПАДУ З ВЫКАРЫСТАНЬНЕМ РЫЦЫНУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Рыцын – гэта сьмяротная атрута, якая вырабляецца з насеньня клешчавiны, такога ж, зь якога вырабляецца касторавае масла. Рыцын мае нават болей сьмяротны эфэкт, чым цыянiд. Меней за мiлiграм рыцыну дастаткова, каб забiць дарослага чалавека, калi ён глытае цi ўдыхае атруту. Паводле прадстаўнiка мэдычнага аддзелу Скотлянд-Ярду Пат Труп, некалькi дзён у чалавека, якi атруцiцца рыцынам, будуць сымптомы захворваньня на грып цi жаўтуху, могуць быць болi ў жываце, а затым спыняецца сэрца. Зрэшты, рыцын мае прымяненьне ў мэдыцыне – яго выкарыстоўваюць пры лекаваньнi раку цi перасадцы мозгу косьцi.

Рыцын даўно ведаюць ня толькi мэдыкi, але i сакрэтныя службы. Упершыню рыцын зарэгiстравалi амэрыканскiя мэдыкi ў 1888 годзе. Затым у часе другой усясьветнай вайны яго распрацавалi Злучаныя Штаты i iх саюзьнiкi. З тае пары рыцын мае гiсторыю свайго выкарыстаньня ў мiжнародным шпiянажы. Найболей вядомай ахвярай рыцыну стаў баўгарскi дысыдэнт Георгi Маркаў. Дарэчы, ён працаваў i для Радыё Свабода за часам халоднай вайны. Дык вось, у тым самым знакамiтым парасоне, уколам якога на аўтобусным прыпынку ў Лёндане забiў Маркава агент баўгарскiх спэцслужбаў, быў невялiкi шарык рыцыну.

Прэм’ер-мiнiстар Вялiкай Брытанii Тонi Блэр заявiў, што ўчорашнiя арышты ў Лёндане даказваюць, што авалоданьне тэрарыстамi зброяй масавага зьнiшчэньня – усяго толькi справа часу. Што тычыцца канкрэтнага выпадку з рыцынам , то экспэрты ўжо зрабiлi заявы, што дзеля таго, каб рыцын стаў сапраўды зброяй бiя-тэрарызму, гэтае рэчыва трэба перавесьцi ў газападобны стан. А гэта вельмi дарагi i тэхналягiчна складаны працэс. Тым ня меней, брытанскiя ўлады засьцерагаюць, што атрута можа быць выкарыстаная ў нападах супраць асобаў, каб пашырыць панiку. Пакуль палiцыя ня мае сьведчаньняў пра далучанасьць арыштаваных у Лёндане да нейкай тэрарыстычнай арганiзацыi. Але экспэрты ў бiя-тэрарызме зьвяртаюць увагу, што сьляды рыцыну былi знойдзеныя ў адной зь лябараторыяў “Аль-Кайды” ў Афганiстане, дзе тэрарысты спрабавалi распрацоўваць зброю масавага зьнiшчэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG