Пераважная большасьць апытаных на вуліцах Менску лічыць, што дзяржаўная ідэалёгія Беларусі не павінна грунтавацца на прынцыпах адной, няхай сабе й самай буйной канфэсіі.
(Cпадар: ) “Я ня ў добрых стасунках з праваслаўем, таму не магу вам нічога добрага сказаць”.
(Дзяўчына: ) “Ня вельмі добра. Лічу, што рэлігія не павінна быць разам з ідэалёгіяй”.
(Іншая дзяўчына: ) “Ніякіх праваслаўных прынцыпаў у ідэалёгіі прэзыдэнта няма. Вельмі дрэнна, што ён прыціскае каталіцкую канфэсію. Я ўвогуле ня вельмі добра стаўлюся да яго палітыкі”.
(Спадарыня: ) “Ня мае ніякага значэньня — праваслаўны ты, ці іншага веравызнаньня. Вельмі важна, каб чалавек верыў у Бога і быў хрысьціянінам”.
(Спадар: ) “Рэлігія і ідэалёгія — абсалютна розныя рэчы. Таму праваслаўе ня можа быць дзяржаўнай ідэалёгіяй. Тым больш у нас шматканфэсійная краіна. нямала каталікоў, юдэяў, мусульманаў. Таму, лічу, гэта няправільна”.
(Хлопец: ) “Так не павінна быць. Калі ў нас цывілізаваная дзяржава, павінны быць ідэалёгіі розных канфэсіяў”.
(Спадарыня: ) “На мой погляд, ніякая рэлігія ня мусіць быць у аснове дзяржаўнай ідэалёгіі. Толькі агульначалавечыя прынцыпы. Няма сэнсу рабіць канфэсійную ідэалёгію дзяржаўнай, калі ў краіне жыве шмат прадстаўнікоў розных канфэсіяў і нацыянальнасьцяў. Тым больш, што беларускі народ спрадвеку вызнае вельмі чалавечыя прынцыпы, якія нельга падмяніць нічым. У нас вельмі добрыя карані, мы моцна стаім на зямлі — і ня трэба нічога за вушы прыцягваць”.
(Спадар: ) “Усё павінна быць свабодна ад дзяржаўнай улады. ніякай дыктатуры тут быць не павінна”.
(Маладая жанчына: ) “Я не лічу, што царква павінна ўваходзіць у сьвецкае жыцьцё. Яны павінны быць падзеленыя. А выказваньне, што праваслаўная ідэалёгія ўвайшла ў беларускі соцыюм — я не магу з гэтым пагадзіцца”.
Але ёсьць і тыя, хто лічаць нармальнай зьявай стварэньне дзяржаўнай ідэалёгіі на аснове праваслаўя:
(Дзяўчына: ) “Я за тое, каб у аснове было праваслаўе. Таму што вера павінна быць. Калі гэта нешта духоўнае, то вельмі добра”.
(Хлопец: ) “Праваслаўе — гэта трывалая аснова. Тут больш праваслаўных людзей, таму, відаць, ён сказаў слушна”.
(Спадарыня: ) “Добра стаўлюся да гэтай зьявы. Таму, што ў Беларусі жыве большасьць праваслаўных вернікаў. А ў Канстытуцыі запісана, што іншыя канфэсіі маюць у нашай дзяржаве роўныя правы. Таму ніякага супрацьстаяньня я тут ня бачу”.