Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ МЭДУНІВЭРСЫТЭТ ПЕРШЫ З НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАЎ СНД АДМОВІЎСЯ АД ЭКСПЭРЫМЭНТАЎ НАД ЖЫВЁЛАМІ


Ганна Соусь, Менск

Доктар мэдычных навук загадчык катэдры паталягічнай фізіялёгіі Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Францішак Вісмант быў фактычна першым фізіёлягам у Савецкім Саюзе, які яшчэ ў 1990 годзе адмовіўся ад досьледаў над жывёламі. Тады ягонае рашэньне выклікала непаразуменьне ў навуковых і выкладчыцкіх колах.

(Вісмант: ) “Ёсьць клясычныя традыцыйныя ўяўленьні, што без экспэрымэнту губляецца сэнс навукі. Я лічу, што для навуковых дасьледаваньняў, для экспэрымэнтаў бяз досьледаў над жывёламі абысьціся немагчыма. Што тычыцца навучальных мэтаў, то гэты экспэрымэнт можа быць у выглядзе дакумэнтальнага фільму, слайдаў з гатовымі пратаколамі, вынікамі.

Гэта дае цэлы шэраг магчымасьцяў, і ня толькі маральна-этычных. Уявіце, што з 8-й да 17-й гадзіны праходзіць, прыкладам, 12 студэнцкіх практыкумаў. На кожную групу раней выдавалі па тры жывёлы. Гэта проста масавае зьнішчэньне жывёлаў. Зь іншага боку, экспэрымэнт кожны раз патрабуе лябарантаў, абсталяваньня, рэактываў, грошай, нэрваў. Тады як можа дэманстравацца добра прадуманы й аднойчы пастаўлены дакумэнтальны фільм”.

Гэтак мяркуе загадчык катэдры паталягічнай фізіялёгіі прафэсар Францішак Вісмант. Цяпер у мэдычным унівэрсытэце ў Менску дзеля навучаньня студэнтаў замест экспэрымэнтаў над жывёламі выкарыстоўваюць іншыя мэтодыкі — дакумэнтальныя фільмы, муляжы, студэнты практыкуюць у моргу.

Да таго ж, як распавёў Радыё Свабода першы прарэктар унівэрсытэту Сяргей Дзянісаў, адмыслоўцы катэдры фізіялёгіі распрацавалі ўнікальныя кампутарныя навучальныя праграмы.

(Дзянісаў: ) “Замест выкарыстаньня рэальнай жывёлы дзеля экспэрымэнту робіцца віртуальны экспэрымэнт, калі на экране кампутара рэальная выява жывёлы. Гэта сапраўдная кампутарная праграма, дзякуючы якой студэнты могуць бяз шкоды жывёлам навучацца таму самаму, што яны б рабілі на жывёлах. І ад гэтага ніякім чынам ня церпіць навучальны працэс. Тым больш, што ў шэрагу выпадкаў, паводле старых праграмаў, навучальныя экспэрымэнты над жывёламі мелі абсурдны, а часам вельмі жорсткі характар”.

Пакуль гэткая практыка існуе толькі ў Менску. Сытуацыю тлумачыць прафэсар катэдры біяхіміі Тацяна Марозкіна, адная з ініцыятараў адмовы ад экспэрымэнтаў над жывёламі:

(Марозкіна: ) “Многія беларускія ВНУ гэтаксама хацелі так зрабіць. Мы падалі дакумэнты, аформленыя юрыстамі, у Міністэрства аховы здароўя. Але яны там неяк згубіліся. Былы міністар аховы здароўя Ўладзіслаў Астапенка нас падтрымаў і нават падрыхтаваў адпаведны загад. Зараз новы міністар, і невядома, што робіцца. Куды ўсё падзелася? Усе мэдычныя ВНУ хочуць адмовіцца ад гэтага нікому не патрэбнага забойства”.

Што да міжнароднай практыкі, то, прыкладам, у Швайцарыі, Італіі й Вялікабрытаніі ў вышэйшых навучальных установах афіцыйна ўведзенае гэтак званае альтэрнатыўнае навучаньне, калі студэнты ня ладзяць экспэрымэнтаў на жывых жывёлах, замяняючы іх муляжамі ці трупамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG