(Ігнатавічус: ) “Гэта была яго першая прэсавая канфэрэнцыя пасьля абраньня прэзыдэнтам. Было шмат журналістаў, у тым ліку расейскія і беларускія. Напачатку канфэрэнцыі было аб’яўлена, што абраны прэзыдэнт найперш адкажа на пытаньні літоўскіх журналістаў, зададзеныя, зразумела, па-літоўску. У расейскіх і беларускіх журналістаў папрасілі прабачэньня і паведамілі, што на іх пытаньні Паксас адкажа ў канцы прэсавай канфэрэнцыі па-расейску, але гэта адбудзецца ў калідоры.
Я ня ведаю, ці знайшліся ахвочыя потым запытаць яго па-расейску. Але ў залі расейскія пытаньні не прагучалі”.
(Карэспандэнт: ) “Сп-р Ігнатавічус, а якая ў Літве існуе традыцыя на гэты конт, першыя асобы на прэсавых канфэрэнцыях заўжды гавораць толькі па-літоўску?”
(Ігнатавічус: ) “Традыцыя такія, як і ва ўсім сьвеце. Ніхто ніколі не дзяліў мовы, хто як мог, той на такіх мовах і пытаўся, і калі афіцыйная асоба ведала мову, на якой зададзена пытаньне, на той мове і гучаў адказ. У іншых выпадках дапамагалі перакладчыкі. Тут адбыўся непрыгожы, скандальны выпадак. Гэта было зроблена наўмысна. І справу тут, відаць, у страху”.
(Карэспандэнт: ) “А чаго, на Ваш погляд, спалохаўся Раландас Паксас?”
(Ігнатавічус: ) “Справа тут у страху новаабранага прэзыдэнта, бо яму клеюць ярлык прарасейскай арыентацыі, ходзяць чуткі, што ягоная кампанія фінасавалася Расеяй. І ён, магчыма, занадта перасьцерагаецца, дбаючы аб тым, каб яму такі ярлык ня клеілі.Такога не павінна быць у нармальнай цывілізаванай краіне на нармальнай прэсавай канфэрэнцыі”.
(Карэспандэнт: ) “А на якой мове размаўляюць кіраўнікі балтыйскіх краінаў, калі сустракаюцца міжсобку?”
(Ігнатавічус: ) “Апошняя сустрэча кіраўнікоў балтыйскіх дзяржаваў адбылася падчас візыту ў Вільню Джорджа Буша. У Валдаса Адамкуса і ў Віке Вайры-Фрайбэргі не было праблемаў размаўляць зь ім па ангельску, Арнольду Руйтэлю было больш складана, бо ён гаворыць з замежнікамі толькі па-расейску. І падчас сустрэчы, калі яны размаўлялі ўчацьвярох, гаварылі па-ангельску, а Руйтэлю дапамагаў Адамкус (перакладаў пытаньні і адказы). Прэзыдэнт Латвіі не гаворыць па-расейску, таму падчас ранейшых трохбаковых сустрэчаў Адамкус быў перакладчыкам у іх размовах, каб яны маглі размаўляць утрох, без адмысловых перакладчыкаў”.